Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ прапануе як мага хутчэй закончыць працэс люстрацыі, зрабіўшы даступнымі ўсе архіўныя матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю КДБ.
Аб гэтым прэзідэнт заявіла ў сераду 24 лютага на сустрэчы з членамі парламенцкага Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне.

«Гэта адзіны зразумелы, хуткі і ясны шлях закрыцця тэмы люстрацыі, якая цягнецца ўжо два дзесяткі гадоў» -- працытаваў словы прэзідэнта яе прэс-сакратар Лінас Бальсіс.

Па словах Бальсіса, літоўскім грамадзянам ўжо давалі магчымасць прызнацца ў супрацоўніцтве са спецслужбамі. «Аб дзейнасці гэтых людзей вядома, ім гарантавалі абарону. Аднак працэс дагэтуль незавершаны: Камісія па люстрацыі працуе, ёсць справы, але вялікая іх частка ў судах заканчваецца нічым, паколькі суды не могуць прыняць рашэнне па прычыне недахопу дакументаў. З люстрацыяй трэба як мага хутчэй пакончыць, апублікаваць ўсе архіўныя матэрыялы, звязаныя з тым, як КДБ і іншыя спецслужбы ўцягвалі жыхароў Літвы ў сваю дзейнасць» -- працытаваў Бальсіс словы Грыбаўскайтэ.

На думку літоўскага прэзідэнта, разам з дакументамі трэба прадставіць кваліфікаванае, прафесійнае тлумачэнне, каб было прасцей зразумець, што значыць той ці іншы дакумент і як ён мог паўплываць на лёс чалавека. Ці мог чалавек быць завербаваны або стаць агентам.

На сённяшні дзень ў супрацоўніцтве з КДБ у Літве прызналіся каля 1500 чалавек. Каля 5000 тэчак з дакументамі вывезлі ў Маскву ў першыя гады незалежнасці. Яшчэ каля 105 000 тэчак агентаў КДБ знішчыў у 1989-1990 гг.

АП, паводле delfi.lt

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0