Пасажыр бюджэтнай авіякампаніі Ryanair, які выйграў у бліскавічную (маментальную) латарэю на борце самалёта, у гневе з'еў прызавы білет пасля таго, як яму адмовілі ў неадкладным атрыманні выйгрышу.
Мужчына, які ляцеў з Польшчы ў адзін з правінцыйных брытанскіх аэрапортаў, набыў латарэйны білет у самалёце ды пабачыў, што яго выйгрыш складае 10 тыс еўра.
Ён паказаў білет бортправаднікам і запатрабаваў неадкладнай выплаты належных яму грошай. Яму адмовілі.
Раз'юшаны пасажыр – імя якога Ryanair не раскрывае – прыстрашыў, што ў такім выпадку з’есць прызавы білет.
Паводле словаў прадстаўніка авіякампаніі Стывена Макнамары,
некаторыя папутчыкі пераконвалі шчасліўчыка не гарачыцца, а пачакаць пасадкі,
каб потым разабрацца ў аэрапорце. Але пасажыр ў шале з'еў-такі свой білет.
На дабрачыннасць
Як патлумачыў Макнамара, для выплаты выйгрышу спачатку неабходна пацвердзіць асабістыя звесткі пераможцы бліскавічнай латарэі.
Прадстаўнік Ryanair заўважыў, што сцюардэсы авіякампаніі ў любым выпадку
не возяць з сабой наяўныя грошы для выплаты выйгрышаў, а сам прыз неабходна атрымаць у кампаніі-арганізатара латарэі.
«За апошнія два гады ў такую латарэю на борце самалётаў Ryanair было выйграна 10 аўтамабіляў, больш за 300 тыс еўра грашовых прызоў і больш за 100 тыс ваўчараў на палёты», - працягнуў Стывен Макнамара.
Згодна з заявай авіякампаніі, незапатрабаваны выйгрыш будзе ахвяраваны на патрэбы адной з дабрачынных арганізацый.





