2 сакавіка ў Віленскім дзяржаўным універсітэце пройдуць грамадскія слуханні па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС.

Паводле інфармацыі прэс‑службы Міністэрства энергетыкі Беларусі, справаздачу аб АУНА прадставяць спецыялісты дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі і дэпартамента па развіцці ядзернай энергетыкі Мінэнерга.

У адпаведнасці з Канвенцыяй аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце, удзельніцай якой з’яўляецца Беларусь, справаздача аб АУНА была накіравана ў сумежныя краіны, якія выказалі зацікаўленасць узяць удзел у яе абмеркаванні.

Кансультацыі і грамадскія слуханні з удзелам зацікаўленай грамадскасці для абмеркавання патэнцыяльнага трансгранічнага ўздзеяння пры будаўніцтве і эксплуатацыі беларускай АЭС таксама пройдуць у Латвіі, Польшчы, Украіне і Аўстрыі,

паведамляе прэс‑служба Мінэнерга.

Пасля завяршэння кансультацый і слуханняў справаздача аб АУНА беларускай АЭС будзе дапрацавана спецыялістамі з улікам заўваг і прапаноў і разам з іншымі матэрыяламі, прадугледжанымі заканадаўствам, накіравана для правядзення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы.

24 лютага старшыня Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне пры Савеце міністраў Беларусі Якаў Кенігсберг аспрэчыў інфармацыю аб тым, што на беларускай АЭС будзе ўстаноўлены эксперыментальны рэактар.

«Ужо даўно і ў Савецкім Саюзе, і на Захадзе працуюць такія ВВР‑аўскія рэактары магутнасцю 600, 640 і 1000 МВт — толькі з іншай абрэвіятурай. Нічога новага ў іх няма, за выключэннем павышанай магутнасці і павышанага бар’ера бяспекі па патрабаваннях МАГАТЭ», — сказаў Кенігсберг.

Ён таксама растлумачыў, адкуль, на яго думку, ідуць чуткі пра эксперыментальны рэактар: «Нядаўна грамадскае аб’яднанне «Экадом» аб’явіла аб правядзенні нейкай грамадскай экспертызы. Аднак узнікае пытанне: а хто эксперты?». У той жа час над АУНА, падкрэсліў Кенігсберг, працавала «велізарная колькасць профільных інстытутаў».

Інжынер‑фізік, каардынатар праектаў міжнароднай групы «Экаабарона» Андрэй Ажароўскі лічыць, што стабільная праца АЭС можа зведаць небяспеку, здольную прывесці да экалагічнай катастрофы.

Па‑першае, адзначыў ён, атамную станцыю абслугоўваюць сотні людзей, і «ніхто не можа даць гарантыю, што кожны з іх псіхічна ўстойлівы і якая‑небудзь асабістая падзея не выведзе з раўнавагі, напрыклад, аператара». «Адзін псіхічна неўраўнаважаны чалавек можа прывесці да катастрофы, параўнальнай з чарнобыльскай, — вывесці АЭС са строю і выклікаць разбурэнне рэактара», — сцвярджае Ажароўскі.

Яшчэ адной небяспекай ён лічыць блізкае размяшчэнне АЭС ад міжнароднага аэрапорта «Вільня»:

«Лайнеры вагой у 50—100 тон будуць пралятаць у 50 кіламетрах ад пляцоўкі. Падзенне такога самалёта на ахоўны каўпак прывядзе да яго разбурэння», — адзначыў фізік.

«Станцыя будзе размешчана побач з мяжой суседняй дзяржавы, — прадоўжыў Ажароўскі. — Я не думаю, што Літоўская Рэспубліка можа мець варожыя намеры ў дачыненні да нас, але для ваенных размяшчэнне такога аб’екта, які можа ўзарвацца і зрабіць немагчымым жыццё на тэрыторыі ўсёй Беларусі, недалёка ад мяжы замежнай дзяржавы — гэта дадатковы фактар рызыкі».

Акрамя таго, лічыць спецыяліст, для магчымай катастрофы дастаткова нават змянення прыродных умоў, анамальна халоднага ці анамальна цёплага надвор’я, або парушэння рэжыму эксплуатацыі, абрыву лініі электраперадачы і г.д.

«Знешніх прычын, якія могуць прывесці да недапушчальнага выкіду станцыяй радыяцыі, шмат. Таму ўсе яны павінны быць ацэнены і прыняты да ўвагі пры прыняцці рашэння аб будаванні такога аб’екта», — перакананы фізік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?