Іспанія і Венесуэла не пазбегнуць дыпламатычнага канфлікту з нагоды абвінавачання Каракаса ў супрацоўніцтве з паўстанцкімі групоўкамі з мэтаю арганізаваць забойства прэзідэнта Калумбіі Альвара Урыбэ і іншых высокапастаўленых палітычных дзеячаў.

Суддзя Нацыянальнага суду Іспаніі Элой Веласка ў панядзелак сцвердзіў, што ўрад Венесуэлы змаўляўся з баскскай сепаратысцкай групоўкай ETA і з партызанскімі групоўкамі ў Калумбіі з мэтай забойства палітыкаў, якія жывуць у Іспаніі або ездзяць у Іспанію.

Гэтае палажэнне было часткай абвінаваўчага акту, паводле якога 12 меркаваных членаў ЭТА і Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі (FARC) паўстануць перад судом па абвінавачванні ў змове з мэтай здзяйснення забойства і тэрарызму.

У акце заяўляецца, што «ёсць доказы супрацоўніцтва ўраду Венесуэлы з FARC I ETA».

Каракас гнеўна адрэагаваў на гэтыя абвінавачванні. Міністэрства замежных справаў Венесуэлы адхіліла абвінавачванні як «перадузятыя і неабгрунтаваныя».

Хайдэн Пірэла, кангрэсмэн з кіроўнай кааліцыі прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавэса, заявіў, што сцверджанні іспанскага суддзі з’яўляюцца «часткай кампаніі па дыскрэдытацыі Венесуэлы», дадаўшы: «Мы не давалі прытулку партызанам і не супрацоўнічалі з паўстанцамі».

Абвінавачанні былі агучаныя не ў найлепшы час для Чавэса, чыя папулярнасць падае праз недахоп электраэнэргіі, рэцэсію эканомікі і высокі ўзровень інфляцыі. Яны могуць таксама пашкодзіць дачыненням з Венесуэлай Калумбіі і Іспаніі, якія спрабуюць пераадолець мінулыя рознагалоссі.

Абвінаваўчыя заключэнні зноў прыцягнулі ўвагу да Нацыянальнага суду Іспаніі, суддзі якога дзейнічаюць самастойна і з’яўляюцца незалежнымі ад выканаўчай і заканадаўчай галінаў улады. Некаторыя суддзі забралі міжнародную ўвагу і здабылі шмат крытычных водгукаў пасля гучных справаў, звязаных з іншымі урадамі, у тым ліку расследавання заяваў пра катаванні ў адносінах да зняволеных вайсковай турмы ў заліве Гуантанама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?