Актывіста Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Андруся Кашэўскага арыштавалі на 15 сутак. Тым самым улады пазбавілі магчымасці патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў своечасова здаць подпісы ў выбаркам дзеля рэгістрацыі.
Сябра БХД са Смалявічаў Андрусь Кашэўскі збіраўся балатавацца ў Жодзінскі гарсавет. Ён быў затрыманы вечарам 3 сакавіка ў Мінскім метро. Актывіста даставілі ў суд Ленінскага раёна, дзе ўчора ж адбыўся суд. Суддзя Навіцкая прысудзіла актывісту 15 сутак зняволення. Па папярэдніх звестках ад самога Андруся Кашэўскага, яго абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам. У судзе адмовіліся паведаміць, за што дакладна асудзілі Кашэўскага.
У сталіцы Андрусь займаецца распаўсюдам газеты «Народная Воля». Зазначым, што пад час затрымання ў яго пры сабе нумароў газеты не было.





