У лістападзе мінулага года палац у Свяцку нарэшце набыў інвестар, аднак вельмі хутка наведвальнікаў гэтая навіна расчаровала. Людзі незадаволеныя новымі правіламі, якія ўсталёўвае ўласнік. Нават зрабіць фота побач з сядзібай цяпер забаронена. Пуставала палацава-паркавая сядзіба з 2005 года, пасля таго, як адсюль з’ехаў цэнтр медыцынскай рэабілітацыі хворых на сухоты. У той час як гісторыкі білі трывогу з нагоды дрэннага стану помніка архітэктуры, гэта месца, акрамя турыстаў, аблюбавалі вясельныя картэжы.

 Фота vgr.by

Фота vgr.by

Прагналі з палаца

Палац у Свяцку стаў «незаежджанай» фактурай для вясельных фатографаў, бо не кожны гатовы ехаць за дванаццаць кіламетраў ад Гродна. «Каларыт здымкам надавала ўнутраная абстаноўка палаца: пазіравалі пары ў антычнай залі, размешчанай на другім паверсе, на фоне каміна і сцен з раскошнай ляпнінай. Здымкі атрымліваліся яркімі за кошт святла ад вялікіх вокнаў», — распавёў фатограф Аляксандр Саенка. Сёння ў многіх сямейных альбомах шчаслівыя маладыя цалуюцца каля палаца 18 стагоддзя і прагульваюцца па княжым парку. Праўда, зараз такія фатаграфіі могуць стаць эксклюзіўнымі.

У рэдакцыю «Вячоркі» звярнуліся гродзенцы і распавялі, што знаходзіцца побач з сядзібай ім забаранілі.

«Два тыдні таму мы прыехалі ў Свяцк зрабіць вясельныя фотаздымкі. Праўда, як толькі размясціліся на ганку, выбегла вахцёр і пагнала нас — маўляў, зараз палац з’яўляецца прыватнай уласнасцю, фатаграфавацца тут нельга. Свята было сапсаванае...»
— кажа засмучаны Максім.

Паверыць у тое, што новы гаспадар, які з’явіўся толькі тры месяцы таму, ужо закрыў доступ да палаца, было цяжка. Нагадаем, што ААТ «Азёрны» бязвыплатна атрымала сядзібу ад аддзела адукацыі райвыканкама.

Пасля вяселляў шмат смецця

Каб высветліць сітуацыю, журналістка і фотакарэспандэнт «Вячоркі» адправіліся ў Свяцк і ... папрасілі там сфатаграфавацца. «Добра, — дала дазвол наглядчыцы, удакладніўшы: — Хаця гэта забаронена». Аказалася, што жанчына робіць палёгкі парам толькі з-за свайго лагоднасці, бо прапрацавала тут амаль усё жыццё. «Начальства сказала нікога не пускаць, так як гэта прыватная ўласнасць», — растлумачыла яна.

Начальства, якому датэлефанавалася журналістка, патлумачыла сваю забарону па-іншаму.

— Гэтую меру ўвялі, каб пазбегнуць траўмаў, бо з дахаў валіцца снег, ледзяшы. Тэхнічнага персаналу мала, і прыбраць небяспечныя заносы немагчыма,
— растлумачыў намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы ААТ «Азёрны» Аляксандр Кісель.

Разважаць пра тое, пускаць ці не маладых і экскурсіі, калі снег растае, і зусім бессэнсоўна, запэўніў суразмоўца. «Праз месяц пачнецца рэканструкцыя, а якія людзі могуць быць на будоўлі? Працы прадоўжацца пяць гадоў, а пра рэжым наведвання адрэстаўраванага аб’екта сёння гаварыць складана», — распавёў ён. На вясельныя картэжы Аляксандр Кісель глядзіць скептычна, на гэта ў яго свой аргумент: «Вяселлі пакідаюць горы смецця, хто гэта павінен прыбіраць?»

Экскурсаводы ў шоку

У інжынераў-праекціроўшчыкаў іншае меркаванне з нагоды пачатку рэканструкцыі. Палац можа прастаяць без рэстаўрацыі яшчэ больш за год. Як растлумачыў дырэктар УП «Праектрэстаўрацыя» Уладзімір Сіняўскі, да будаўнічых працаў можна будзе прыступіць не раней лета наступнага года.

— Папярэдні кошт праекта — адзін мільярд сто пяцьдзесят тысяч рублёў. Сёння мы знаходзімся на пачатковай стадыі яго распрацоўкі: праводзім гісторыка-архіўныя даследаванні і выбіраем методыку рэстаўрацыі, — распавёў Уладзімір Сіняўскі.

Па словах нашага суразмоўцы, у будучым тут размесціцца санаторый. Дарэчы, такое функцыянальнае прызначэнне палац меў яшчэ «за польскім часам».

Навіна аб тым, што ўжо вясной комплекс нібыта закрыюць на рэканструкцыю, стала неспадзяванкай і для экскурсаводаў. Яны ўжо атрымалі замовы ад турыстычных фірмаў на цяперашняе лета.

— Свяцк уваходзіць у маршрут экскурсіі па Аўгустоўскім канале. Калі з яго прыбраць палац, то вандроўка апынецца «прэснай», пазбаўленай эстэтычнага складніка, — абурылася старшы выкладчык кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму ГрДУ Святлана Словік.

Дарэчы, яна распрацавала гэты маршрут на замову Нацыянальнага агенцтва па турызме ў 2006 годзе. «Цэнтр медыцынскай рэабілітацыі выселілі з палаца, таму што гэты аб’ект уваходзіў у 25-ці кіламетровую турыстычную зону», — патлумачыла Святлана Словік. Спецыяліст не супраць, калі праблема вырашыцца продажам квіткоў. Але закрываць палацава-паркавы комплекс ад старонніх вачэй, па яе словах, неверагодна: «Гэта набытак народа. Многія турысты прыязджаюць на экскурсію за 300 кіламетраў, а Аўгустоўскі канал і вайсковыя фарты, размешчаныя побач, можна паглядзець за 30 хвілін», — сцвярджае экскурсавод.

Да Свяцку зарасце народная сцежка?

Як вырашыцца пытанне аб рэжыме наведвання палаца, пакуль невядома. Праўда, уласнік сапраўды мае законнае права ... закрыць яго ад наведвальнікаў і турыстаў. Па словах загадчыка кафедры грамадзянскага права і працэсу ГрДУ, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта Ігара Мартыненкі, уласнік мае права засцерагчы зямельны ўчастак у межах адводу. Гэта агульнае палажэнне аб праве ўласнасці, прапісанае ў Грамадзянскім Кодэксе.

Права на доступ да культурных каштоўнасцяў можна заяўляць да помнікаў, якія носяць публічны характар: гэта музеі, бібліятэкі, манументы на адкрытай прасторы. Палац у Свяцку да такіх не адносіцца. ... Прашу майго калегу сфатаграфаваць мяне на фоне палаца магнатаў, бо ў мяне няма ўпэўненасці ў тым, што ў будучыні хопіць грошай на пуцёўку ў элітны санаторый. Не выключана, што сядзібу можна будзе ўбачыць толькі з экранаў тэлевізараў. Фінальныя сцэны мастацкага фільма «Замах» ( «Беларусьфільм») паспелі зняць у верасні мінулага года.

Кампетэнтнае меркаванне

Намеснік начальніка Упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл Кажура:

— ААТ «Азёрны», як уласнік, мае права забараніць экскурсіям наведванне палаца ў Свяцк. Турыстычныя фірмы могуць паспрабаваць дамовіцца з «Азёрным», але рашэнне ў гэтым пытанні застаецца толькі за цяперашнім гаспадаром.

Даведка «ВГ»

Палац пабудаваны ў 1799 г. італьянскім архітэктарам Джузэпэ Сака. Вакол палацу закладзены ў канцы 18 — пачатку 19 стст парк з сажалкамі. Плошча яго — 12 гектараў. Двухпавярховы будынак можна аднесці да перыяду росквіту барока, але шмат у чым адчуваецца ўплыў класіцызму. Планіроўка першага паверха калідорная, другога — анфіладная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?