Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі абвінавачвае Федэральную мытную службу Расіі ў невыкананні дамоўленасцей па пастаўках нафты. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс‑службы ДМК.

«У адпаведнасці з пагадненнем па пытаннях узаемавыгадных умоў перапрацоўкі расійскай нафты ў Рэспубліцы Беларусь, Дзяржаўным мытным камітэтам Рэспублікі Беларусь праведзены перамовы з Федэральнай мытнай службай Расійскай Федэрацыі і прапанаваны канкрэтныя варыянты па спрашчэнні працэдур перамяшчэння нафты і нафтапрадуктаў», — сказана ў паведамленні, размешчаным на сайце ДМК.

«Федэральная мытная служба Расійскай Федэрацыі, спаслаўшыся на адсутнасць прамых указанняў і на тое, што адказнымі за рэалізацыю пагаднення паміж урадамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў вызначаны Мінэнерга і Мінэканамразвіцця, ухілілася ад правядзення перамоў па гэтым пытанні», — заяўляе прэс‑служба ДМК.

«Дзяржаўны мытны камітэт сітуацыю ў дачыненні да паставак нафты ў Рэспубліку Беларусь для перапрацоўкі без збірання мытнай пошліны лічыць невыкананнем абавязацельстваў расійскім бокам, прадугледжаных пагадненнем», — гаворыцца ў прэс‑рэлізе.

Кіраўнік прэс‑службы ДМК Ігар Пяшко не стаў каментаваць гэтае паведамленне. Ён таксама не ўдакладніў, якія канкрэтна перамовы маюцца на ўвазе. «Больш, чым там напісана, я сказаць не магу», — заявіў прадстаўнік камітэта.

Нагадаем, 26 лютага ў Маскве прайшло пасяджэнне камісіі Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Як паведаміў журналістам пасля завяршэння сустрэчы віцэ‑прэм`ер Беларусі Андрэй Кабякоў, расійскі бок настойвае на захаванні мытных пошлін на нафтапрадукты.

Ён адзначыў, што беларускі бок тэму бягучай сітуацыі па пастаўках нафты не закранаў, бо гэта пытанне ўрэгулявана падпісаным у канцы студзеня беларуска‑расійскім пагадненнем. «Хоць гэта пагадненне і не задавальняе беларускі бок», — падкрэсліў Кабякоў.

Паводле слоў віцэ‑прэм`ера, расійскі бок не мае заканадаўчай базы для збірання вывазных пошлін на нафтапрадукты, якія Беларусь закупляе ў Расіі. Аднак Расія настойвае на правамернасці сваіх дзеянняў.

На гэту тэму ў удзельнікаў пасяджэння адбылася «эмацыянальная размова», паведаміў Кабякоў. «Мы зафіксавалі пазіцыі бакоў у выніковым рашэнні камісіі і разлічваем, што расійскі бок зробіць захады, якія адпавядаюць яго міжнародным дагаворам. Пакуль разумення ў гэтым пытанні з боку расійскіх партнёраў няма», — сказаў беларускі віцэ‑прэм'ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?