36-гадовая жанчына зрабіла сабе смерць пасля кплівага артыкула ў «Советской Белоруссіі».

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, 6 сакавіка праваабаронцы наведалі магілу Паляковай. «Мы ўспомнілі яе, усклалі кветкі. Акрамя таго, сёння ў памяшканні мінскага офіса Партыі БНФ пройдзе прэзентацыя дакументальнага фільма аб жыцці Яны. Гэты фільм створаны беларускімі журналістамі», — сказаў Волчак.

Праваабаронцы неаднаразова дамагаліся рэабілітацыі Яні Паляковай. «У гэтых спробах мы дайшлі да старшыні Мінскага абласнога суда. Аднак нам прыходзілі фармальныя адпіскі, хаця адвакаты, з якімі мы працавалі, сабралі, на мой погляд, пераканаўчую доказную базу таго, што Палякова была даведзена да самагубства. Іск аб абароне гонару і годнасці ў дачыненні да газеты „Советская Белоруссия“ таксама быў адхілены. Маці Паляковай за год так і не была перададзена пастанова пракуратуры Салігорска аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы, а без гэтай паперы што-небудзь абскардзіць у вышэйшай пракуратуры немагчыма», — паведаміў Волчак.

Юрыст Яня Палякова была актывісткай незарэгістраванай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву». Супрацоўнічала з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, уваходзіла ў ініцыятыўную групу Вольгі Казулінай (дачкі вядомага апазіцыйнага палітыка) на парламенцкіх выбарах 2008 года.

3 сакавіка мінулага года суд Салігорскага раёна прызнаў Палякову вінаватай на падставе артыкула 400. частка 2 Крымінальнага кодэкса (заведама непраўдзівы данос). Яе абвінавацілі ў непраўдзівым даносе на супрацоўніка міліцыі і прыгаварылі да двух з паловай гадоў абмежавання волі. Акрамя таго, паводле рашэння суда яна павінна была выплаціць супрацоўніку міліцыі 1 млн. рублёў у якасці кампенсацыі маральнага ўрону.

Яна лічыла сябе невінаватай, сцвярджаючы, што міліцыянер нанёс ёй пабоі.

6 сакавіка 2009 года, напярэдадні трагедыі, «Советская Белоруссия» апублікавала фельетон пра беларускіх праваабаронцаў, у якім акрамя іншых фігуравала Палякова. Паводле меркавання сяброў Яны, гэтая публікацыя стала «апошняй кропляй», якая перапоўніла чашу яе цярпення.

18 сакавіка пракуратура Салігорска адмовіла ў распачынанні крымінальнай справы па факце самагубства Паляковай. Чыноўнікі не знайшлі доказаў таго, што праваабаронца была даведзена да суіцыду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?