У фараона Тутанхамона не было прыгожага, падобнага да жаночага твару. Ён быў звычайным мужчынам, ідучы трохі касалапіў, а памёр ад пералому, выкліканага крохкасцю касцей, якая ўскладнілася малярыяй. Такія вынікі антрапалагічнага і генетычнага вывучэння мумій каралеўскай сям'і Старажытнага Егіпта.

Выява Тутанхамона.

Выява Тутанхамона.

І яго твар, рэканструяваны па костках.

І яго твар, рэканструяваны па костках.

Навукоўцы прааналізавалі не толькі мумію Тутанхамона, але і муміі яго сваякоў, што дазволіла атрымаць паўнейшую інфармацыю пра выгляд і здароўе егіпецкіх фараонаў таго часу.

Сям'я Тутанхамона – XVIII дынастыя Новага царства (1550–1295 гг. да н.э.) – належала да аднаго з самых уплывовых каралеўскіх дамоў Старажытнага Егіпта. Слава і пасмяротная вядомасць самога Тутанхамона не зусім заслужаныя: яго кіраванне было вельмі кароткім і не асабліва яркім. А вось яго «пасмяротнаму дому» пашанцавала больш – ён не быў разрабаваны і стаў прадметам пільнага вывучэння археолагаў разам з саркафагам, маскай і муміяй.

Тутанхамон заняў егіпецкі трон у 10 гадоў (прыкладна 1315 г. да н.э.) і памёр на дзевятым годзе царавання ва ўзросце 19 гадоў. Да 1922 году вядома пра яго было мала, і навукоўцы гэтак жа мала ім цікавіліся. Аднак пасля адкрыцця яго непашкоджанай грабніцы, муміі і скарбаў, пахаваных разам з ім, шматгадовая ўвага нягегламу нашчадку слаўнага роду была гарантаваная.

Тутанхамон памёр маладым і не пакінуў нашчадкаў, таму спекуляцыі адносна спадчынных хваробаў у яго сям'і і прычынаў яго смерці не знікаюць з часоў выяўлення грабніцы.

Падаграваліся гэтыя дэбаты і меркаваным жанчынападобным выглядам фараонаў XVIII дынастыі (акрамя Тутанхамона добра вядомы Эхнатон – муж Неферціці і першы апалагет фактычна монатэістычнай рэлігіі). Меркавалі, што мужчыны гэтай дынастыі пакутавалі на гінекамастыю (пераразвіццё малочных залозаў, выкліканае гарманальным дысбалансам), на сіндром Марфана (захворванне, якое характарызуецца парушэннямі зроку, шкілета – гіперрухомасць суставаў і інш, унутраных органаў – сардэчныя захворванні з прычыны анамальнага развіцця злучальнай тканкі) і іншыя цяжкія спадчынныя хваробы.

Аднак здагадкі грунтаваліся толькі на даследаванні твораў мастацтва, а не мумій і шкілетаў фараонаў.

Ні Тутанхамон, ні Эхнатон не мелі жаночых рысаў твару. Іх выявы «прыхарошваюць» фараонаў адпаведна рэлігійным меркаванням і паняццям «моды» таго часу.

Не мела сям'я Тутанхамона і спадчынных дэфектаў у развіцці. У самага юнага фараона была ўсё ж выяўленая хвароба Келера (астэахандрапатыя лодкападобнай косці ступні), але яна не магла сама па сабе прывесці да смерці ў такім маладым веку. А вось генетычныя тэсты на гены STEVOR, AMA1 і MSP1, якія з'яўляюцца спецыфічнымі для паразіта трапічнай малярыі, далі станоўчы вынік не толькі ў Тутанхамона, але і ў яшчэ трох мумій.

На падставе гэтых дадзеных навукоўцы выказалі здагадку, што аваскулярны некроз касцей (змярцвенне або разбурэнне тканак касцей, выкліканае недастатковым кровазабяспечаннем), ускладнены малярыяй, выклікаў раннюю смерць Тутанхамона.

У такой сітуацыі пералом нагі (вельмі верагодны пры крохкасці касцей) ад звычайнага падзення разам з малярыяй мог прывесці да небяспечных для жыцця захворванняў і смерці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?