Цяпер пытанне стварэння пятага мабільнага аператара ў Беларусі не разглядаецца. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

Адказваючы на пытанне аб мэтазгоднасці стварэння новага мабільнага аператара і прыцягнення для гэтага замежнага капіталу, прадстаўнікі Мінсувязі адзначылі, што пакуль у гэтым няма неабходнасці і перагаворы з замежнымі кампаніямі па такім пытанні не вядуцца.

Раней у час візіту ў Аман беларускай парламенцкай дэлегацыі старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Ігар Войтаў паведаміў аб тым, што аманскія бізнесмены, якія працуюць у сферы тэлекамунікацый, зацікаўлены інвесціраваць у Беларусь. «Іх цікавіць пытанне, звязанае з магчымым стварэннем новых аператараў сувязі ў нашай рэспубліцы. Такія прапановы таксама трэба разглядаць. Чым больш будзе кампаній на рынку, тым вышэй канкурэнцыя і ніжэй цэны на паслугі», — сказаў ён, удакладніўшы, што размова можа ісці аб стварэнні як аператара мабільнай сувязі, так і правайдэра інтэрнэт‑паслуг.

Цяпер на тэрыторыі Беларусі працуюць 4 мабільныя аператары, 3 з якіх прадстаўлены на рынку GSM‑сувязі. Аператар Diallog прадастаўляе кліентам паслугі па тэхналогіі EV‑DO. У лістападзе 2009 года аператар life:) першым у Беларусі запусціў 3G‑сетку. У бліжэйшыя месяцы сеткі трэцяга пакалення на базе стандарту UMTS павінны запусціць velcom і МТС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?