Гісторыя з жыцця гастарбайтэраў.

Апошнія сем гадоў Каця займалася глупствам пад назваю «захаванне сям’і». Навошта захоўваць сям’ю, у якой адзін падман і крадзеж грошай для палюбоўніц? Аднак, Каця ўпарта чаплялася за мужа. Прычынай быў паранены жаночы гонар: хацелася перамагчы таемную палюбоўніцу і паказаць ёй кукіш. Муж быў нечым накшталт лялькі, якую Каця хацела мець ля сябе. Яна лічыла яго прыгожым і прыпісвала станоўчыя якасці, якіх ён не меў. Калі сяброўкі крытыкавалі сваіх мужчын, яна катэгарычна заяўляла: «Мой Пеця не такі». А выйшла, што такі і яшчэ «мудрэйшы». Жыў на дзве сям’і і з кожным годам станавіўся нахабнейшы.

Захаванне сям’і скончылася тым, што ў адзін з вечароў муж пачаў біць Кацю, а потым выпіхнуў босую, у адным халаце на лесвічную пляцоўку і зачыніўся ў кватэры. Цяпер яна ўжо не марыла перамагчы палюбоўніцу. Хацела толькі аднаго — пазбавіцца ад мужа.

Пазваніла ў дзверы да суседкі. Сорам апякаў нутро. Папрасіла выклікаць міліцыю. Суседка ўважліва глядзела на яе босыя ногі. Было няўтульна і балюча. Прыйшоў участковы. Сядзеў з посным тварам і глядзеў у адну кропку, слухаючы іх з мужам. «Як вы ўсе мне надакучылі. Яшчэ адзін цырк на маім участку, — нарэшце стомлена сказаў ён. — Ну што, баец, складаем пратакол?» «Не трэба. Я сёння сыду з кватэры», — муж склаў рэчы і з’ехаў да палюбоўніцы.

З жыццём трэба было нешта рабіць, і кардынальнае. На вочы трапілася аб’ява, якая запрашала на працу ў Чэхію. Каця ўхапілася за гэту ідэю, як за ратавальную саломінку. Клопат пра сына адышоў на другі план. «Такі ж эгаіст, як бацька. Васямнаццаць гадоў, а ўсё каб мама падала, прынесла. Няхай цяпер сам пакруціцца», — праносіліся злосныя думкі.

Каця хуценька аформіла ўсе неабходныя дакументы і ў прызначаны дзень прыехала ў чэшскую амбасаду. І тут ледзь не трапіла ў непрыемнасці. Супрацоўніца пасольства, што прымала дакументы, размаўляла па‑беларуску. Жанчыны, якія ехалі на працу ў Чэхію, адказвалі ёй па‑расійску. Калі падышла Каціна чарга, яна лёгка перайшла на беларускую мову. Аднак супрацоўніца амбасады неспадзявана стала злоснай і агрэсіўнай, нават не хацела даваць візу. Каця стаяла як абвараная. Візу ўсё ж далі, але застаўся непрыемны ўспамін.

Усяго на працу ў Чэхію ехалі дваццаць жанчын сярэдняга веку. Большая частка з Брэстчыны. Яны ўжо прызвычаіліся да заробкаў у Еўропе. Ехалі моўчкі, прыглядаліся адна да адной. У Чэхіі іх размясцілі ў інтэрнаце. У Каці былі дзве суседкі. З адной адразу пасябравалі. Звалі яе Наталля. Другая трымалася адасоблена. Было ёй каля 30 гадоў. На заробкі яна прыехала з поўным чамаданам рознакаляровых пеньюараў…

Першы дзень працы выдаўся незвычайным. Як толькі жанчыны выйшлі ў поле садзіць салатную расаду, з’явілася кампанія мужчын‑румынаў. Яны пасталі воддаль і пачалі разглядаць працаўніц, весела перагаворваючыся. Было відаць, што да прагляду мужчыны рыхтаваліся. Былі акуратна паголеныя і прыбраныя.

Жанчыны пачалі рагатаць. Нехта пажартаваў: «Можа, яшчэ песню запяём, каб хлапцам спадабацца?» Румыны ў чэшскай аграфірме працавалі ўжо дзесяць гадоў, а жанчыны‑беларускі прыехалі ўпершыню. Вось яны і прыйшлі паглядзець на гэта дзіва. Першае румына‑беларускае знаёмства было на ўзроўні смеху. Ніхто нікога не разумеў — мовы вельмі розныя. З’явілася начальства, і румыны сышлі на сваю дзялянку. А жанчыны яшчэ цэлы дзень смяяліся з апошніх падзеяў.

Пад вечар стомленыя працаўніцы прыйшлі ў душ. Першыя падоўгу стаялі пад цёплым і прыемным ручайком, атрымлівалі асалоду. Яшчэ не памылася і палова, як гарачая вада ў тытане скончылася. Астатнія мыліся халоднай, злуючыся на папярэдніц. На наступны дзень сітуацыя паўтарылася. На трэці дзень аматаркі гарачага душу першымі прыбеглі мыцца і хацелі зноў надоўга засесці ў душавой. Тады астатнія ўзламалі зашчэпку душавой кабінкі і выцягнулі адну голую і мокрую памыўшчыцу ў калідор. Яна вішчала, аднак ніхто не звяртаў увагі. Тады тая перайшла на плаксівы тон:

— Я грэла спіну гарачай вадой. У мяне хворыя ныркі.

— Дома будзеш лячыць свае ныркі. Чаго сюды прыехала? Хворая — валі назад у Беларусь.

— Здаровых знайшла, — пачалі абурацца іншыя, кожны падумаў пра свае болькі. — Мы ўсе былі хворыя, а тут паправіліся.

Астатнія памыўшчыцы самі павыскоквалі з душавых кабінак, баючыся, што і ім перападзе. Чарга пайшла хутка. На гэты раз гарачай вады хапіла ўсім. Стала зразумела — расслабляцца не прыйдзецца.

Пачаліся цяжкія працоўныя будні. Праз месяц штаны на Каці ледзь трымаліся. Таўстухам праца пайшла на карысць. Яны папрыгажэлі. Худзенькія — сталі падобныя да шкілетаў, і Каця ў тым ліку. Ежу гатавалі румыны: чорбы (румынскія супы), тушаныя перцы, яйкі смажаныя плаваюць у алеі і г.д. Для беларусак падобнае харчаванне было нязвыклым. Каця ся¬дзела голодная. Вечарам, купіўшы булак, даядала ў сваім пакойчыку. Трэ было трымацца. Прадпрыемства прыватнае, і кіраўніцтва пільна сачыла за тым, як хто працуе. Праз два месяцы трох жанчын разлічылі і адправілі дадому. Астатнія яшчэ старанней узяліся за працу.

Зайздросцілі ўкраінцам. Тыя самі хацелі прыязджалі, хацелі — ад’язджалі. Ведалі ўсе хады‑выхады. Паводзілі сябе вольна. Ніякіх кантрактаў. Чэхаў тут амаль не было. Іх праца ў аграфірме не прываблівала. Аднойчы Каця завяла размову з прадавачкай крамы. Маладая дзяўчына‑чэшка сказала, што зарабляе 300 еўра ў краме, але працаваць у аграфірму за 600 еўра ніколі не пойдзе, бо вельмі цяжкая праца. Гэта было праўдай. Румыны, што працавалі тут ад пачатку ўтварэння фірмы, выглядалі змучанымі. Тыя, каму было па сорак гадоў, выглядалі на ўсе пяцьдзесят.

Наогул, румыны трымаліся асобна, працавалі сем’ямі, чужых да сябе не пускалі. Нават землякоў. Аднойчы на працу прыехаў малады румын. Гадоў васямнаццаць — не больш. Працаваў ён старанна. Аднак праз два тыдні суайчыннікі звінавацілі яго ў крадзяжы 100 еўра. Ніхто не паверыў. Было відавочна, што яны хочуць пазбавіцца ад чужака. Хлопец з’ехаў.

Прайшло тры месяцы. Каця прызвычаілася да працы, ужо не так стамлялася, нават выбіралася з жанчынамі на танцы ў бліжэйшы гарадок. У яе з’явіўся кавалер. Італьянец, супрацоўнік кіраўніцтва аграфірмы. Каб неяк кантактаваць, яна вучыла італьянскую мову, хутка і паспяхова. Выходзіла так, што беларусы больш падрыхтаваныя да кантакту з еўрапейцамі. Акрамя кірыліцы, Каця ведала і лацінскі шрыфт. Для яе ж новага знаёмага Сільвіа славянскія мовы і кірыліца былі як цёмны лес. Заходнія еўрапейцы варацца ва ўласным катле і пра славянскі свет амаль нічога не ведаюць. Але, калі казаць пра адносіны мужчын і жанчын, то чым менш яны размаўляюць, тым лепш разумеюць адзін аднаго. У Кацярыны пачаўся бурны раман. Усё б добра, каб не адна дэталь: ён быў жанаты і не хаваў гэтага. Ёй жа адводзілася роля палюбоўніцы, і гэта Кацю задавальняла. Дзіўны народ — жанчыны. Некалі змагалася з каханкай мужа, а цяпер і сама такой стала. Можа, хацела прымераць на сябе гэты вобраз? Наташа, суседка па пакоі, яе пытала: «Кацярына, навошта табе жанацік? Не будзе з яго толку».

— Затое са Свецінага Мыколы‑ўкраінца будзе толк, — прыпомніла яна іх супольную знаёмую.

— А што Мыкола? Добры хлопец. Халасцяк.

— Халасцяк. Прыйдзе да нас Свету шукаць і пытаецца: «Дзе тут мая малпа?» Сёння малпа, а заўтра хто? Не, я хачу рамантычных адносінаў. Ты лепш спытала б, дзе суседка з нашага пакоя швэндае?

Сапраўды, іх маўклівая суседка кожны выхадны з’язджала ў невядомым накірунку. Часам прагульвала работу. За прагул яе штрафавалі. Яна выплачвала штраф і зноў выпраўлялася ў паездкі. А раз ноччу, калі ўсе спалі, маўклівая суседка проста збегла з інтэрната. Гэта было за месяц да ад’езду ў Беларусь. А месяцам раней ва ўцёкі падаліся тры сяброўкі, якіх на працу пераманіла фірма‑канкурэнт. Паквапіліся на абяцаныя залатыя горы, а трапілі ў пастку. Уцёкшы са сваёй аграфірмы, яны страцілі кантракт і апынуліся на нелегальным становішчы. Ім амаль нічога не плацілі. Абхітрылі саміх сябе.

Каця праводзіла ўвесь вольны час са сваім Сільвіа. Гуляла па ваколіцах, абедала ва ўтульных рэстаранчыках. Толькі цяпер заўважыла, што Чэхія вельмі прыгожая краіна. Чароўная прырода. Акуратныя цагляныя дамкі, ля якіх у палісадніках квітнеюць ружы. Прыязныя людзі. Хацелася больш даведацца аб гэтай краіне. Але на экскурсіі далёка не паедзеш, усяго адзін выхадны.

Пад канец сезона праца стала лягчэйшая. Збіралі яблыкі. Часам праходзілі дажджы, прыносілі дадатковы выхадны . Жанчыны патроху збіраліся дамоў і абмяркоўвалі сваё чэшскае жыццё. Бальшыня схілялася да таго, што іх тут страшэнна эксплуатавалі, мала плацілі і на іх мазалях будавалі дабрабыт аграфірмы. Аднак, калі прыйшоў час падпісваць кантракт на наступны год, усе як адна яго падпісалі. Каця абурылася: «Калі вам тут дрэнна, навошта едзеце на наступны год?»

— Кацярына, дай людзям пару выпусціць. Яны стаміліся, спіну ломіць. Хто вінаваты?

— Эксплуататары, — супакойвала суседка Наташа.

На самой справе, усе былі задаволены. Зарабілі грошы ды хутка будуць дома…

І вось Каця сядзіць у сваёй кватэры ў беларускім райцэнтры. Сумны вечар. За акном — снег. Пройдзе зіма, і Каця зноў прыедзе у Чэхію, каб збегчы ад рэальнасці. У чужой краіне яна будзе зарабляць грошы і красці чужое каханне. Але калісьці ёй прыйдзецца вярнуцца ў рэальнае жыццё. Якім яно будзе, гэта вяртанне?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?