Расія дзеліць скуру незабітага мядзведзя. Яна прапануе стварыць СП, каб прадаваць электрычнасць з беларускай АЭС. А іначай могуць і крэдыт на яе пабудову не даць.

Сенсацыйную інфу абнародаваў ПРАЙМ-ТАСС са спасылкай на крыніцу ў энергетычных колах Беларусі. Пра гэта ж цвердзіць і «КоммерсантЪ». Нібыта ўмову пра СП расійскі бок убіў нават у праект міжурадавага пагаднення аб будаўніцтве АЭС. Праз тое, маўляў, і тормаз: Мінск не згаджаецца.

Сапраўды, ёсць над чым пачухаць патыліцу. Айчыннае начальства, здаецца, толькі зараз асэнсоўвае, як Масква абвяла вакол пальца з Мытным звязам. Днямі Лукашэнка заявіў: мы ж згаджаліся на той звяз «без выняткаў», а так, маўляў, ці патрэбен ён нам.

Ад фальшывай ідыліі, што дэманстравалі прэзідэнты Беларусі, Расіі ды Казахстана ўвосень летась у алмазе ведаў, і следу не засталося. Эксперты ж папярэджвалі: д’ябал тоіцца ў дэталях. Так яно і сталася. Ружовыя надзеі на бязмытную нафту груба растаптаныя.

А выйсці зараз — дык яшчэ і на газ мыта ўвядуць. Карацей, трапілі як шчупак у нерат.

Тое ж самае можа атрымацца з праектам АЭС, з якім тутэйшае начальства так доўга насілася бы курыца з яйкам. Зноў вымалёўваецца тая ж схема: кось-кось — ды за грыву!

Залатыя дзянькі братняй інтэграцыі мінулі. Пайшоў суцэльны аблом.

Эксперты тлумачаць: праз стварэнне таго СП расійцы хочуць атрымаць нейкую гарантыю, што крэдыт будзе вернуты. То бок,

Беларусь фактычна будзе разлічвацца выпрацаванай на АЭС электрычнасцю.

Што ж, маскоўскую перастрахоўку ад кідалава, якога так багата ў дачыненнях заклятых саюзнікаў, можна зразумець. Але ж

пра якую самастойнасць у атамнай энергетыцы можна тады весці гаворку? За што змагаліся?

У такім разе Масква, на думку эканаміста Леаніда Злотнікава, «будзе прэтэндаваць на права удзельнічаць у фармаванні цэнавай палітыкі, вызначаць, каму, куды і колькі электраэнергіі прадаваць. Апроч таго, не выключана, што ўдзел у СП дазволіць расійскаму боку кантраляваць не толькі фінансавыя плыні, але і працу самой станцыі».

Падаецца, гэта ад пачатку было «геніяльнай» задумай: ладзіць цыклапічны праект аслаблення энергетычнай залежнасці ад Расіі у кааперацыі з… Расіяй.

Ці стане беларускаму начальству здаровага сэнсу ды рашучасці перарваць праект-пятлю, пакуль не позна? Ці так і будзем паўзці ў пашчу энергетычнага ўдава?

Аляксандр Класкоўскі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру