Першая невялікая «хваля» паводкі чакаецца сіноптыкамі ўжо ў гэтыя выхадныя, аднак сапраўды «вялікая вада» актывізуецца толькі з сярэдзіны наступнага тыдня,

паведаміла ўчора на брыфінгу начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Белгідраметцэнтра Марына Нагібіна.

Вышыня снежнага покрыва на большасці тэрыторыі краіны складае ад 10 да 35 см, на паўночным усходзе — да 60 см, а ў паўднёва‑заходнім рэгіёне снегу стала значна менш, а месцамі ён увогуле сышоў. Самыя вялікія снегавыя запасы вады сёння ў басейне Заходняй Дзвіны, дзе яны дасягаюць 189 мм, у астатніх рэгіёнах — да 150 мм.

Такія снегазапасы для другой паловы сакавіка лічацца даволі вялікімі.

Паводле інфармацыі па стане на 18 сакавіка, на большасці рэк захоўваецца ледастаў з праталінамі. Таўшчыня лёду складае ад 17 да 64 см, на вадасховішчах і азёрах — да 57 см. Толькі на Нёмане каля Стоўбцаў і Гродна, на Віліі побач з вёскай Сцешыца, рэках Шчара, Мухавец, Піна, Ясельда, Стыр, Цна і Лань назіраюцца рэшткавыя закрайкі і рэдкі крыгалом. На ўсім працягу Прыпяці і яе прытоках працягваецца павелічэнне ўзроўняў вады ад 1 да 10 сантыметраў за суткі. На ўчастку моста Любанскі (Чэрнічы) узроўні вады набліжаюцца да небяспечных узроўняў, але вада там у замерзлым стане.

Паводле прагнозаў, масавы крыгаход рэк будзе назірацца на тыдзень пазней за звычайныя тэрміны. У трэцяй дэкадзе сакавіка крыгаход закране басейны Прыпяці і Нёмана, напрыканцы сакавіка — пачатку красавіка — рэкі Бярэзіна, Сож і Днепр, у вярхоўі Дняпра і Заходняй Дзвіне актыўная паводка пачнецца ў першай дэкадзе красавіка.

Спецыялісты прагназуюць, што сёлета месцамі ўзроўні веснавой паводкі будуць вышэй за сярэднегадавыя паказчыкі прыкладна на 50—200 см.
Самая моцная паводка чакаецца сёлета ў басейнах рэк Сож, Заходняя Дзвіна і Прыпяць. На астатніх рэках паводка будзе звычайнай.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?