Амерыканцы зробяць медыцыну агульнадаступнай. Але да Беларусі ім яшчэ далёка.

Гадоў пятнаццаць таму давялося мне вучыцца ў звычайнай сярэдняй школе ў Амерыцы. Усё як у тых галівудскіх маладзёвых камедыях: шыкоўны школьны будынак са стадыёнам сярод узгоркаў ды лясоў, вучні раніцай падрульваюць на ўласных аўто, ніякіх табе хатніх заданняў і, галоўнае, кожны дзень — спорт пасля заняткаў. Як сапраўдны еўрапеец, запісаўся я на футбол. Але, каб патрапіць у каманду, давялося завітаць да доктара за даведкай. Памацаў ён мне пульс, паслухаў стэтаскопам грудзі, зазірнуў у медыцынскую картку: здаровы, як вол. Трымай даведку! А таксама рахунак на 30 даляраў. Падумалася: калі гэтая жалю вартая паперчына столькі каштуе, то колькі трэба заплаціць, скажам, за зубную пломбу? За дзень у шпіталі? За аперацыю?

Ад 30 да 50 мільёнаў амерыканцаў (па розных падліках) дагэтуль літаральна ходзяць па лязе, бо не маюць медыцынскай страхоўкі.

Калі што здарыцца — ніякі доктар Хаўз іх не ўратуе, бо яны проста не змогуць заплаціць яму за працу.

І вось, нарэшце, доўгачаканая сенсацыя: у панядзелак амерыканскі Кангрэс пастанавіў здзейсніць у краіне рэформу сістэмы аховы здароўя. Дзіва‑дзіўнае: Амерыка, найбагацейшая дэмакратычная краіна свету, дагэтуль не магла забяспечыць мінімальныя гарантыі аховы здароўя для ўсіх сваіх грамадзянаў.

Пасля рэформы медыцынскае страхаванне ў ЗША зробіцца абавязковым.

Зэканоміць на страхоўцы небагатыя амерыканцы ўжо не здолеюць. Але самыя бедныя атрымаюць дапамогу на набыццё страхавых полісаў (а багатыя, адпаведна, новыя падаткі). Фірмы, якія маюць больш за 50 супрацоўнікаў, будуць абавязаныя страхаваць свой штат. Больш за тое, калі чалавек згубіць працу, страхавыя кампаніі ўжо не змогуць так лёгка адмовіцца прадаць яму поліс. Бо апошнім часам сярод амерыканскіх страхаўнікоў распачаўся сапраўдны беспрадзел: бралі на абслугоўванне толькі адносна здаровых людзей, а хворым адмаўлялі. Не маеш грошай — хоць ты рукі на сябе накладай.

Барак Абама, чыёй марай было рэфармаваць сістэму аховы здароўя, ужо можа лічыць сваё прэзідэнцтва недарэмным. І хоць багатыры ды страхавыя канцэрны незадаволена бурчаць,

звычайныя амерыканцы могуць, нарэшце, уздыхнуць крыху спакайней.

Увогуле, зірнуўшы на амерыканскую сістэму аховы здароўя бліжэй, грэшнай справай падзякуеш лёсу за тое, што давялося нарадзіцца ў «апошняй еўрапейскай дыктатуры». У нас жа як: забалеў жывот ці спіна — ідзеш у паліклініку, бярэш талончык, і тут табе і агляд бясплатны, і рэнтген дармовы, ці, не дай Божухна, аперацыя — калі трэба. І ў шпіталі яшчэ патрымаюць, каб ачомаўся.

Ну пастаіш у чэргах, ну занясеш доктару каробку цукерак …

Сістэма аховы здароўя ў нас неблагая. Але і тут змены не зашкодзілі б. Скажам, варта зняць з дактароў шалёную бюракратычную нагрузку. Чаго варты, напрыклад, план па пацыентах: ад дактароў патрабуюць, каб яны прымалі ў дзень пэўную колькасць хворых! А доктар жа мусіць быць зацікаўлены, каб людзі, наадварот, вылечваліся, то бок, хадзілі да яго як мага меней. Вось у Вялікабрытаніі, напрыклад, даплачваюць дактарам за тое, што іх пацыенты кідаюць паліць ці губляюць лішнюю вагу. Чым не прыклад да пераймання?

Мізэрныя заробкі дактароў — балючая тэма. Тым больш, што за тыя жалю вартыя падарункі (цукеркі ці пару дзясяткаў даляраў у капэрце) медыкі нярэдка атрымліваюць немалыя турэмныя тэрміны. Хай бы нашая сацыяльна арыентаваная дзяржава паклапацілася пра годны заробак для медыкаў — тады і падарункі будуць не патрэбныя, і за мяжу дактарам з’язджаць не захочацца.

Кажаце, немагчыма? Ну, прынамсі, каб рэфармаваць нашу сістэму аховы здароўя, нашаму прэзідэнту не трэба будзе змагацца з Палатай прадстаўнікоў, як Бараку Абаму з Кангрэсам. Амерыканскія дэпутаты цэлы год рызіну цягнулі, а нашыя, бадай, і за тыдзень управіліся б. Праўда, пра рэформу аховы здароўя ў нас ніхто пакуль не кажа. Зрэшты, можа яно і да лепшага. Нервовыя клеткі, як вядома, не ўзнаўляюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?