У Мінску на працягу 2010—2011 гадоў запланавана ўзвядзенне помніка класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу (26.11.1930—25.07.1984). Гэтае прадугледжвае план падрыхтоўкі і святкавання 80‑годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

У плане, зацверджаным міністрам культуры Паўлам Латушкам, адзначаецца, што помнік павінен быць пабудаваны са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а адказнасць за выкананне ўскладзена на Мінкультуры і Мінгарвыканкам.

У план, які ўключае 23 пункты, увайшлі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні дома‑музея Караткевіча ў Оршы (Віцебская вобласць), мемарыялізацыі і добраўпарадкаванні тэрыторый і мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю пісьменніка, размяшчэнні на вуліцах сталіцы білбордаў з яго партрэтам і надпісам «80 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры У.Караткевіча», а таксама па правядзенні шэрагу выстаў, у тым ліку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Прадугледжваецца выпуск памятнага канверта з арыгінальнай паштовай маркай і яго спецгашэнне ў Оршы, правядзенне ўрачыстых вечарын, у тым ліку ў сталічным Доме дружбы, канцэртаў, падчас якіх прагучаць творы на вершы Караткевіча, паказ спектакляў паводле яго твораў, стварэнне фільмаў — дакументальнага «Ён жыў Беларуссю», чатырохсерыйнага тэлевізійнага мастацкага і кінаверсіі паводле рамана пісьменніка «Каласы пад сярпом тваім», а таксама розныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі.

Акрамя таго, запланавана размяшчэнне ў электронных СМІ спецыяльных сюжэтаў, прысвечаных пісьменніку, наданне яго імя вуліцы ў Рагачове (Гомельская вобласць), дзе жыў і працаваў Караткевіч, а таксама выданне твораў класіка.

Выпуск твораў павінна ажыццявіць Міністэрства інфармацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту і ўласных сродкаў выдавецтваў.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч нагадаў, што васьмітомны збор твораў Караткевіча выходзіў ў 1987—1991 гадах. На яго думку, выданне поўнага збору стане «найвялікім і найактуальным помнікам беларускай дзяржавы і ўдзячных чытачоў свайму слаўнаму празаіку, паэту і драматургу». «І будзе выдатна, калі з запланаванага ў нашых умовах будзе выканана большая частка мерапрыемстваў па ўганараванні памяці нацыянальнага генія», — сказаў Пашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?