25 Сакавіка — дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — адзначаецца як свята нацыянальнага вызвалення. «НН» звярнулася да вядомых людзей з пытаннем, як яны святкуюць гэты дзень.
Мікалай Чаргінец, палітык‑лукашэнкавец:
Я лічу, што мы павінны адчуваць Дзень Волі кожны дзень, а не толькі ў нейкі адзін канкрэтны. Таму і святкаваць неяк асабліва не варта. Увогуле, не трэба палітызаваць і манапалізаваць ідэі свабоды і дэмакратыі. Я падтрымліваю развіццё дэмакратыі ў Беларусі.
Да саміх падзей 25 Сакавіка 1918 года ў мяне падвойнае стаўленне. З аднаго боку, тыя людзі прагнулі стварыць незалежную беларускую дзяржаву. І гэта варта вітаць.Калі ў часы СССР нешта выкідвалі з падручнікаў, гэта трэба вярнуць.А з іншага, сёння дату 25 Сакавіка выкарыстоўваюць у палітычных мэтах.
На гісторыю трэба глядзець, нічога з яе не выкідваючы.
Трэба, каб усё ў гісторыі народа і краіны заставалася — і чорнае, і белае.
Лявон Вольскі, спявак:
Пакуль няма канкрэтных планаў. Але нешта прыдумаем крэатыўнае. Увогуле я лічу, што
нам трэба набліжацца да фармату Дня св.Патрыка. Трэба ісці ў масы, пазбаўляць гэтае свята палітызаванасці.
Аляксандр Фядута, паліттэхнолаг:
25 Сакавіка я буду ў Варшаве на сустрэчы з Адамам Міхнікам, галоўным рэдактарам «Газеты Выборчай», а таксама вялікім сябрам Беларусі. Сядзем дзе‑небудзь узняць келіх пад тост «Жыве Беларусь».
Cяргей Дубавец, журналіст:
Думаю, павінна быць пераемнасць. Гэта свята чыстай ідэі, якая сама па сабе не старэе, не замутняецца і не відазмяняецца. Звычайна чыстую ідэю дэфармуюць людзі, якія ад прыроды сваёй неідэальныя. Калі яны датыкаюцца да ідэі, каб «на свой розум» вырабіць з яе нешта, часта атрымліваецца прафанацыя. Калі ж яны датыкаюцца да ідэальнага, каб самім наблізіцца да чысціні, ідэя можа саслужыць ім добрую службу. А самы просты спосаб тут — каб прысутнічала пераемнасць.
Мне пашанцавала сёлета быць запрошаным да чалавека, які 25 Сакавіка адзначаў яшчэ ў ГУЛАГу, таемна, разам з Ларысай Геніюш. Па вялікім рахунку, яны там і апынуліся за сваю вернасць ідэалу. Мы будзем шмат размаўляць, згадваць людзей паваеннага супраціву, спяваць пад фартэпіяна, пераглядаць фоткі. І непрыкметна нас усіх агорне атмасфера чыстай ідэі, ідэальнага свята.
Павел Севярынец, лідэр Хрысціянскай дэмакратыі:
25 Сакавіка я буду на плошчы перад Акадэміяй навук. Вазьму ўдзел ва ўрачыстым шэсці. Дзень Волі — гэта Дзень Незалежнасці нашай краіны. Пакуль Беларусь несвабодная, трэба адзначаць гэтае свята на вуліцах.
Радзім Гарэцкі, акадэмік‑геолаг:
Я заўсёды буду адзначаць Дзень Волі ў сваёй душы і сэрцы — гэта галоўнае.
Сёлета мы плануем прыватна адзначаць Дзень Волі, вузкім колам сяброў. Сярод іх будзе і ўнучка Якуба Коласа — Марыя Міцкевіч. Раней заўсёды хадзілі на шэсці. Але з узростам звычкі змяняюцца. Цяпер ужо не той узрост, каб хадзіць некуды. Галоўнае, каб свята ў сэрцы было.
Іван Шыла, лідэр салігорскай моладзі:
Я буду ў Мінску 25‑га, вазьму ўдзел у вулічным шэсці. А потым з сябрамі прыватна будзем адзначаць.Увогуле лічу, што ў будучым гэтае свята павінна адзначацца спакойна, без афіцыёзу, на асабістым узроўні. Як, напрыклад, у Чэхіі, дзе нацыянальныя святы адзначаюцца вывешваннем сцягоў і сяброўскімі сустрэчамі.
***
Дзень Волі дазволілі
Мінгарвыканкам дазволіў апазіцыйным арганізацыям правесці 25 Сакавіка ў Мінску акцыю з нагоды Дня Волі.
У заяўцы прасілі дазволіць збор а 18‑й гадзіне на пляцоўцы ля Акадэміі навук, а потым ходнікамі па праспекце прайсці да сквера Янкі Купалы, дзе павінен быў адбыцца мітынг з удзелам кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя саветы.
Гарадскія ўлады, па традыцыі, адправілі апазіцыю на Бангалор. Тым не менш, месца збору дазволілі запланаванае.
Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч падкрэслівае, што ў святкаванні Дня Волі возьмуць удзел усе дэмакратычныя сілы. Па словах Янукевіча, акцыя 25 Сакавіка павінна стаць прыгожай і ўрачыстай. «Гэта выдатнае беларускае свята, якое трэба адзначаць», — кажа Янукевіч.
На пытанне, як збіраюцца дзейнічаць арганізатары, калі АМАП перагародзіць дарогу ў цэнтр, Янукевіч адказаў: «Гэта будзе залежыць ад той колькасці людзей, якая прыйдзе. Скажу дакладна адно, што на Бангалор людзей ніхто не павядзе».





