Абласное ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі павінна выплаціць інваліду І групы матэрыяльную і маральную кампенсацыю.

Суддзя задаволіла пазоў Сяргея Фешчанкі і абавязала абласное ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі выплаціць інваліду І групы матэрыяльную і маральную кампенсацыю. Сума спагнання ў некалькі разоў меншая за тую, што запрошваў ісцец, — 1 млн. 300 тысяч беларускіх рублёў.

—Не ў грашах справа, — пракаментаваў «Газеце Слонімскай» Сяргей Фешчанка. — Галоўнае, што суд прызнаў тое, што гэта было не маё дзівацтва — пакараць адказных за адсутнасць пандуса ў будынку сацыяльнага прызначэння.

Пытанне з пандусам і поручнямі каля будынка ДАІ ўсё ж застаецца адкрытым: суд не ў кампетэнцыі абавязаць упраўленне Дзяржаўтаінспекцыі зрабіць неабходнае абсталяванне для перамяшчэння фізічна абмежаваных асоб.

Нагадаем, што інвалід І групы Сяргей Фешчанка патрабаваў спагнаць з абласнога ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі 7 мільёнаў рублёў. Такой сумай ён ацаніў памер матэрыяльнай і маральнай шкоды з-за траўмы каленнага сустава, якую інвалід атрымаў на прыступках будынка ДАІ.

У жніўні мінулага года, выходзячы з установы ДАІ, Сяргей Фешчанка ўпаў са свайго вазка на прыступкі.

Каб падняцца, яму спатрэбілася медычная дапамога. Пасля гэтага інвалід дзесяць дзён насіў гіпс і не мог з’яўляцца на працу — у павільён аднаго з гродзенскіх рынкаў, дзе гандлюе будаўнічымі матэрыяламі.

Прадстаўнікі ДАІ адсут¬насць пандусаў абгрунтоўваць немагчымасцю траціць дзяржаўныя сродкі на тое, што не прадугледжана бюджэтам. Апошні рамонт ганка право¬дзіўся яшчэ да зацвярджэння праграмы «Безбар’ернае асяроддзе», у 2006 годзе, і тады не было выдаткавана грошай на пандус. Да таго ж неабходнае абсталяванне для перасоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі вымагала б рэканструяваць двайныя дзверы і турнікет, паставіць ліфт. Фізічна аслабленым асобам абласное ўпраўленне ДАІ прапануе скарыстацца альтэрнатыўнымі відамі паслуг: выклікаць супрацоўніка дадому ці перагаварыць з ім па спецыяльным тэлефоне, што знаходзіцца перад службовым будынкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?