Хакейную зборную Славакіі ўзначаліць былы трэнер зборнай Беларусі Глен Хэнлан. Канадзец заменіць на гэтай пасадзе Яна Філца, кантракт якога заканчваецца летам 2010 года.

Як адзначаюць славацкія СМІ, існуе верагоднасць, што Глен Хэнлан і Ян Філц будуць працаваць разам. Прычым з'явіцца ў штабе славацкай зборнай ўдвох яны могуць ужо на бліжэйшым чэмпіянаце свету, які пройдзе ў Нямеччыне ў траўні 2010 года, дзе беларусы і славакі згуляюць у адной групе.

Зборная Славакіі пад кіраўніцтвам Філца заняла 4-е месца на Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы. У барацьбе за бронзавыя ўзнагароды славакі саступілі фінам.

Глен Хэнлан узначальваў зборную Беларусі на чэмпіянатах свету ў 2005, 2006 і 2009 гадах. Пад яго кіраўніцтвам беларуская дружына заняла шостае месца на ЧС-2006 у Рызе,

што стала найлепшым вынікам нашай каманды на сусветных першынствах. Глен Хэнлан прызнаваўся трэнерам года ў Беларусі ў 2006 і 2009 гадах. Акрамя таго, ён уваходзіў у трэніровачны штаб некалькіх клубаў НХЛ і ўзначальваў «Вашынгтон Кэпіталс».

У пачатку гэтага сезона Хэнлан прыступіў да абавязкаў галоўнага трэнера мінскага «Дынама», аднак ужо 20 кастрычніка быў адпраўлены ў адстаўку. Ён быў звольнены з мінскага «Дынама» адразу пасля хатняга паражэння ад хабараўскага «Амура» (1:4) у чэмпіянаце КХЛ. Пад кіраўніцтвам Глена Хэнлана мінскае «Дынама» ў чэмпіянаце КХЛ атрымала 6 перамог у асноўны час, аднойчы выйграла па булітах і пацярпела 8 паражэнняў. Цікава, што да няўдачы ў паядынку з «Амурам» дынамаўцы атрымалі тры перамогі запар.

Кіраўніцтва хакейнай федэрацыі прапанавала канадскаму спецыялісту застацца ля стырна зборнай Беларусі, аднак ён прыняў рашэнне пакінуць гэтую пасаду, адмовіўшыся такім чынам ад магчымасці ўдзелу ў Алімпіядзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?