Кітайская Народная Рэспубліка гатова падтрымаць Беларусь пры разглядзе ў Радзе па правах чалавека ААН даклада аб сітуацыі ў нашай краіне.Аб гэтым паведаміў 24 сакавіка намеснік старшыні КНР Сі Цзіньпін на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы ў пашыраным складзе.
Пры гэтым намеснік старшыні КНР падкрэсліў, што Пекін разлічвае на ўзмацненне супрацоўніцтва з Мінскам на міжнароднай арэне і больш цесную каардынацыю замежнапалітычных пазіцый.
«Кітай выказвае ўдзячнасць Беларусі за цвёрдую падтрымку на міжнароднай арэне па пытаннях Тайваня, Тыбета, захавання правоў чалавека і процідзеяння сектантам «Фалуньгун», — заявіў Сі Цзіньпін.
Паводле яго слоў, кітайскі ўрад і народ з разуменнем ставяцца да права беларускай нацыі самастойна вызначаць сваю ўнутраную і замежную палітыку. «Мы падтрымліваем вашы намаганні па ўмацаванню стабільнасці ў беларускай дзяржаве і процідзеянню замежнаму націску», — адзначыў госць.





