Сябры грамадскіх ініцыятываў і арганізацыяў павіншавалі сёння горацкую моладзь з Днём Волі. З самай раніцы актывісты раздавалі адмыслова падрыхтаваныя віншаванкі, якія расказвалі пра Беларскую Народную Рэспубліку, межы, у якіх яна была абвешчана, дзяржаўныя сімвалы ды значэнне 25 сакавіка для сучаснай беларускай гісторыі. А таксама пра першага старшыню Рады БНР Янку Сераду, які з 1925 па 1929 быў дацэнтам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
Сёння днём мясцовыя актывісты арганізуюць талаку па прыборцы магілы Войцеха Дамарацкага, удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага, забітага на тэрыторыі Горак падчас вызвалення горада ад царскай улады ў 1863 годзе. Вечарам на магіле Дамарацкага адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак і зачытванне віншавальнага паслання цяперашняй старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
Таксама для моладзі вечарам будзе праведзена беларускамоўная дыктоўка.





