Першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч у час сумеснай калегіі Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага алімпійскага камітэта раскрытыкавала непаваротлівасць і нязладжанасць у рабоце спартыўных чыноўнікаў і нацыянальных федэрацый.

Наталлю Пяткевіч, якая таксама ўзначальвае Беларускі лыжны саюз, здзівілі прызнанні лідэра нацыянальнай каманды Сяргея Далідовіча, які растлумачыў няўдалае выступленне на Алімпіядзе ў Ванкуверы няякаснай падрыхтоўкай лыжаў і адсутнасцю неабходнага шмаравідла для іх.
«Перад паездкай на Алімпіяду трэнеры і чыноўнікі запэўнівалі, што ўсе пажаданні спартсменаў выкананы. Сяргей Далідовіч і яго трэнер Іван Лістапад у мяне былі толькі па адной просьбе — выплаціць ім прэміяльныя. На пытанне, што яшчэ неабходна зрабіць, адказвалі: больш праблем у нас няма. Зразумела, што ні я, ні нехта іншы не павінен займацца падборам мазяў для лыжаў. Павінна быць адпаведная заяўка. Ці была яна? Бо Далідовіч у інтэрв’ю скардзіўся, што мазяў не было і што наогул на Алімпіяду ён голы прыехаў», — звярнулася Наталля Пяткевіч да дзяржтрэнера Мікалая Манкевіча.

На што той адказаў: «Усе мазі, якія былі неабходны для гонкі, адразу ж закупляліся проста ў Ванкуверы пасля тэлефоннага ўзгаднення са старшынёй Федэрацыі лыжных гонак Аляксандрам Паўлоўскім. Што датычыць скаргаў Далідовіча, то пры няўдачах заўсёды шукаюцца апраўданні: мазяў бракуе, лыжаў бракуе. Далідовіч атрымлівае дастатковую колькасць лыжаў, каб паспяхова выступаць на спаборніцтвах любога рангу, у тым ліку на Алімпійскіх гульнях. Гэта і па лініі рэкламнай экіпіроўкі, і ад федэрацыі, і ад Міністэрства спорту. Сяргею ні ў чым не было адмоўлена».

У такой сітуацыі Наталля Пяткевіч выказала здзіўленне, што ўсе ківаюць адзін на аднаго і нельга вызначыць, хто ж нясе адказнасць за пралікі. «Мы рыхтуем спартсменаў за каласальныя бюджэтныя грошы. Калі пачынаем разбірацца, то ўстае дзяржтрэнер і кажа, маўляў, я не маю ўяўлення, вінаваты галоўны трэнер. Той ківае на другога трэнера і гаворыць, што ён творчая асоба. А Далідовіч узяў і захацеў паехаць у Манчагорск наперакор складзенай праграме. Павінен жа быць элементарны парадак, рэжым „сказана — зроблена“. У нас жа дысцыпліны няма, у адрозненне ад тых жа кітайцаў.

Няўжо міністр вінаваты ў тым, што ў Далідовіча ўзніклі пытанні? Прычым пытанне не ў лыжах і не ў мазі. Калі б Далідовіч перамог, то ўжо дзірачкі для медалёў былі б гатовы ва ўсіх. А цяпер пачынаецца — той вінаваты, гэты. Вось вы сцвярджаеце, што ўсё зрабілі для паспяховага выступлення. Але аб гэтым можна было б гаварыць, калі б спартсмены выканалі планы. Але гэтага не адбылося, значыць, сістэма не працуе!
У канькабежнай камандзе ў нас маральныя праблемы, зборная з шасці чалавек раскалолася на тры групкі. Тая жа атмасфера ў камандзе лыжных гонак. Людзі, якія пражывалі на Алімпіядзе ў адным доміку, адзін з адным нават не віталіся. Трэба стварыць нармальную сістэму работы», — сказала Наталля Пяткевіч.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?