«Увага! Увага, гаворыць паліцыя! На атамнай электрастанцыі ў Графенрайнфельдзе пад Швайнфуртам сёння каля дзесяці гадзін раніцы здарылася аварыя…»

Урывак з кнігі Гудрун Паўзеванг «Хмара». Пераклад Уладзіміра Папковіча.

«Увага! Увага, гаворыць паліцыя! На атамнай электрастанцыі ў Графенрайнфельдзе пад Швайнфуртам сёння каля дзесяці гадзін здарылася аварыя. Насельніцтва Шліца, як і ўсёй акругі Фогельберг, просяць тэрмінова дзеля свайго здароўя накіравацца ў закрытыя памяшканні і зачыніць усе дзверы і вокны. Перакрыйце вентыляцыю і выключыце кандыцыянеры. Харчуйцеся па магчымасці толькі кансервамі з бляшанак і слоікаў, якія ёсць дома, ці з іншых недасягальных для пылу ўпаковак! Карміце сваіх хатніх жывёлін толькі кормам, які захоўваецца ў кватэры, пуні ці хляве. Уключыце свае радыё- і тэлепрыёмнікі. Інфармуйце сваіх суседзяў па доме. Гэта толькі прафілактычныя меры! Прычыны для трывогі няма. Заставайцеся спакойнымі і разважлівымі...»

Гучнагаварыцель замоўк.

«Тое ж самае казала і Альмут, — усклікнуў Улі. — Нам трэба ісці ў склеп і зачыніць усе дзверы і вокны. Але ўсе ад’язджаюць!»

Ён паказаў уніз на гарадок. Адтуль накочвалася хваля шуму. Машыны ўтваралі заторы пры выездах на Вакзальную вуліцу і сігналілі. Там, дзе дарога з Фульды ўпіралася ў Вакзальную вуліцу, утварылася чарга. Перад акруговай ашчаднай касай сутыкнуліся дзве машыны. Яна-Берта пачула крык. Але натоўпу не было. І на выездзе на Лаўтэрбах здарылася сутыкненне. Машыны аб’язджалі месцы здарэнняў, гайдаліся, уз’язджаючы на тратуар. Дарога на захад, убок Лаўтэрбаха, была надзвычай ажыўленая. Але самая магутная хваля кацілася на поўнач. Шмат хто, відаць, спрабаваў трапіць на аўтабан Касэль-Вюрцбург.

Унізе, насупраць гаража, у машыну садзілася сям’я Солтаў. Аўто было цалкам набіта рэчамі. На заднім сядзенні месцілася, уціснутая паміж сумкамі і карабамі, старая фраў Гайльберт. Фраў Солтаў высунула галаву з бакавога акна.

«Вы ж не думаеце тут заставацца? — крыкнула ім наверх. — Зараза ў любы момант можа дабрацца сюды!»

«Зачыніць акно!» — пачула Яна-Берта як зароў гер Солтаў.

Фраў Солтаў зацягнула галаву назад, акно зачынілася, машына дала задні ход і знікла за агароджай.

«Чаму яны з’язджаюць?» — спытаў Улі.

«Баяцца», — адказала Яна-Берта.

«А мы?» — спытаў Улі.

Яна-Берта ўсхліпнула. «Не», — сказала яна, нягледзячы на Улі.

Яна спрабавала абдумаць становішча. У іх былі толькі ровары. Ці маглі яны на іх уцячы ад паўднёва-ўсходняга ветру?

…Ёй на памяць прыйшлі атамныя бункеры. Магчыма, ім варта было б уладкавацца ў склепе?

«Мы застаёмся тут ці паедзем?» — не супакойваўся Улі. «Калі мы застаёмся, я пайду дадзіраць бульбу. Я хачу есці...»

«Мы застаемся тут, — сказала яна рашуча. — У склепе».

Улі кіўнуў і зноў хацеў вярнуцца ў кухню. Яна-Берта растлумачыла яму, што няма часу дзерці бульбу, і даручыла яму сабраць для склепу посуд. Сама ж яна забегала па ўсім доме, зачыняючы дзверы і вокны.

Улі зноў уключыў радыё на кухні на ўсю моц. Нават у склепе стала чутно новае паведамленне:

«Усім жыхарам Паўночнай Баварыі і Усходняга Гесэна! Калі ласка, не пакідайце сваіх памяшканняў без дазволу адпаведных устаноў! Усе раёны, якія сур’ёзна забруджаны, эвакуіруюцца. Хто будзе ўцякаць без дазволу, стварае цяжкасці для бесперашкоднага дарожнага руху і тым самым парушыць мерапрыемствы па эвакуацыі. Органам паліцыі дадзены распараджэнні прымаць жорсткія меры ў выпадку непаслушэнства, з мэтай вызваліць транспартныя шляхі для ўпарадкаванай эвакуацыі. Спакой — першы грамадзянскі абавязак. Дзейнічайце з пачуццём адказнасці!»

«Выключы, — крыкнула Яна-Берта наверх, — а то мы не пачуем, калі зазвініць тэлефон!»

Улі выключыў тэлевізар, надзеў сабе на галаву міску і прынёс у склеп жбанок з ручкай, у якім былі нажы, відэльцы, лыжкі і нож для кансерваў. Яна-Берта заспяшалася ў пакой Улі, выхапіла з шафы джынсы, бялізну, майкі, два пуловеры, запхнула іх у пластыкавы пакет, падняла верхнюю частку ложка Улі, выцягнула адтуль прашываную коўдру і падушкі і ўсё гэта панесла па лесвіцы ўніз да дзвярэй бабулінага склепа. Потым яна зноў пабегла наверх і пацягнула ўніз матрац Улі, ліхаманкава разважаючы, што ім яшчэ спатрэбіцца там, унізе, акрамя пасцелі, вопраткі і ежы. Свечкі? Можа адключыцца электрычнасць. Некалькі кніжак. Нататнік з календаром і фламастэры.

Задыхаўшыся, яна прынесла і сваю пасцель. «А калі мы захочам...?» — крыкнуў Улі са склепа, дзе ён узцягваў матрац на скрынку з бульбай і расцілаў на ім пярыну.

Пра гэта Яна-Берта яшчэ не думала. Можна ім будзе для такой патрэбы хадзіць наверх у кватэру? Ці ёй трэба паставіць у склепе вядро з вечкам? Ці вытрываюць яны той смурод? Тут зазвінеў тэлефон. Яна-Берта рынулася ў гасцёўню. Гэта была фраў Ёрдан, суседка…

Інтэрв’ю з перакладчыкам чытайце тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0