Жудасны выпадак здарыўся раніцай 25 сакавіка ў Баранавіцкім раёне.

Здарэнне адбылася ў вёсцы Зорнае Баранавіцкага раёна раніцай 25 сакавіка. Як толькі жанчына адчыніла дзверы кватэры, муж абліў яе бензінам і кінуў запалку. Куртка і валасы жанчыны ўспыхнулі імгненна. Жанчына ў шоку кінулася прэч з кватэры. «Я ўбачыў палаючага чалавека, што выбягаў з пад’езду, і кінуўся на дапамогу, — распавёў Intex-press відавочца здарэння Юрый. — Жанчына гарэла жыўцом. Яна вельмі моцна крычала. Як мага хутчэй я стаў тушыць на ёй адзенне, выбеглі суседзі і дапамаглі мне. Потым я выклікаў хуткую».

Як распавяла дачка пацярпелай Наталля, скандаліць п’яны бацька пачаў яшчэ з вечара, але потым супакоіўся і заснуў.

А раніцай ён кудысьці збегаў, можа ў гараж. Вярнуўся п’яны, і ад яго пахла бензінам, — сказала IP Наталля са слязамі. — Мы з маім двухгадовым сынам былі ў пакоі і не выходзілі, каб яго не злаваць».

«Гэта не першы няшчасны выпадак у нашай сям’і. Паўтара месяцы таму ён напаў на жонку з велічэзным нажом і моцна парэзаў яе, — сказаў муж Наталлі Віталь. — Усё з-за таго, што ён нічога не робіць і п’е як ашалелы. Кожны дзень на чарцы, што ад яго яшчэ чакаць».

Сёння муж пацярпелай павінен быў з’явіцца на паседжанне суду ў якасці абвінавачанага па справе аб нанясенні цялесных пашкоджанняў жонцы.

Як паведамілі ў траўматалагічным аддзяленні Баранавіцкай гарадской бальніцы, жанчына паступіла ў аддзяленне з апёкамі твару, рукі, бядра і галёнкі. Зараз, па словах лекараў, стан пацярпелай здавальняючы.

Родныя і суседзі пацярпелай не хутка забудуць гэтую раніцу.

Падпальшчыка затрымалі на месцы здарэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?