З раніцы ідзе дождж. Цёмныя хмары ляцяць з боку мора з дзіўнай для такіх аграмадзінаў спрытам. Мы ляжым на ложку і глядзім, як дождж накідваецца на посуд, які мы пакінулі ўвечары на тэрасе.

Стос вялікіх талерак, некалькі маленькіх. Высокія шклянкі і карычневы імбрычак з дротам замест ручкі. Шкляныя рассоўныя дзверы памерам ва ўсю сцяну расчыненыя, і джунглі паціху заходзяць да нас пазнаёміцца.

Спачатку пахі. Потым маленькі дзіўны звярок – падобны да вавёркі, толькі хвост аблезлы, як кухонны ёршык. Потым птушкі, падобныя да нашых драздоў, з яркай жоўтай плямай на галаве. І нарэшце мурашкі.

Пакуль я пішу гэта, яны ў вялікай колькасці поўзаюць па маніторы ноўтбука, але я толькі зганяю іх з экрана.

***

Дождж тут ідзе не кроплямі, а адразу струмянямі. Доўгімі і цвёрдымі, як вязальныя пруткі. Такая вось адзінка вымярэння дажджу – адзін пруток. Гэтыя пруткі ляцяць з неба, каб урэзацца ў нашыя талеркі, адскочыць, рассыпацца на мноства дробных аскепкаў, спаборнічаючы ў тым, які з іх здолее ўсё ж заляцець у пакой і дацягнуцца да нашага ложка.

***

Мы трэці дзень пакідаем талеркі з рэшткамі ежы на тэрасе. Звяркі, падобныя да вавёрак, ужо прывыклі, што тут іх чакаюць недаедзеныя булкі, крыху рысу і гародніны. Таму калі з вечару не завешваць фіранкі, раніцай можна ўбачыць шоў. Вялікі плюс, што гэтае шоў гадаванцаў Дурава можна глядзець не вылазячы з-пад коўдры.

***

Я іду па пясчанай палосцы пляжу. Бераг забудаваны нейкімі халупамі: прыбярэжнымі барамі, бунгала, падсобкамі і яшчэ чорт ведае чым. Адна з іх, напэўна, крама. На кавалку фанеры ад рукі напісана: «Армані, двое штаноў, спадніца, дзве сарочкі, шорты – $136». І паказальнік – «15 метраў». Стрэлка паказальніка скіраваная ў мора.

***

... І сабакі у тайцаў зусім не злосныя. Страшная гэта сіла – будызм.

***

Ноччу пляж Чавенг ператвараецца ў адзін вялізны рэстаран, дзе столікі і месцы для сядзення збіраюць з лежакоў, накрытых дыванкамі і пляжнымі ручнікамі. У кожнай установы ёсць свой кавалак пляжу – метраў дзесяць. І яшчэ ў кожнага ёсць свая стэрэасістэма. Рэстаранчыкі спаборнічаюць не толькі ў якасці ежы, але і ў гучнасці музыкі. Таму пакуль я ем свае мідыі, крэветкі і рыбу, у галаве ў мяне адначасова выбухаюць як мінімум тры дыска-хіты. Часам біты хаця б двух супадаюць – тады мне здаецца, што я нават атрымліваю ад гэтага задавальненне. Прынамсі, цяпер я дакладна ведаю, што такое сапраўдная паліфанія.

***

Па краі пляжу расце шэраг какосавых пальмаў. Пад пальмамі лежакі, на пальмах – гронка какосаў.

– Глядзі, які вялікі, – Лена падымае з зямлі вялізны зялёны какос і падае мне. Вагі ў ім – кілаграмаў пяць. Калі такі зваліцца на галаву...

Цётачка на лежаку пад смяротна небяспечнай пальмай паварочваецца на іншы бок.

Цікава, ці прызапасіў какосавы бог для яе свой арэх? І вось яшчэ што: калі б какосам была даступная рэінкарнацыя, то колькі на ім было б ужо засечак?

***

Тайка, якая прадае садавіну, разлічыўшыся са мной, бярэ звязку маленькіх бананчыкаў і адразае для мяне тры штучкі. Бонус. Мне прыемна.

На наступны дзень перада мной садавіну купляюць дзве цёткі. Тайка бярэ маленькі нож, звязку бананаў і таксама адразае ім некалькі штук. Я расстройваюся.

***

Мы п’ем каву. Раптам Лена ўскрыквае: на галаву ёй ўпаў высахлы какосавы ліст.

Добра, што не той арэх.

***

Якія ж тут вялізныя жукі. Жукі вялізныя, а ўсё астатняе маленькае: людзі, бананы, нават кавуны памерам з наш буйны яблык. Хоць, магчыма, вялікія ім і не патрэбныя. Што яны з імі будуць рабіць? Усёй вёскай есці?

***

Спецыяльны хлопчык кожны вечар запальвае у доміках на тэрасе свет. Абыходзіць вёску і на кожнай тэрасе пстрыкае выключальнікам.

***

На самай верхавіне пальмы ля нашага дамка сядзіць мужык у чырвонай майцы і скідае ўніз какосы. А яшчэ гэтым у іх займаюцца спецыяльна навучаныя малпы. Цікава, што больш тэхналагічна?

***

Камічнае відовішча: тры аквалангісты ў маленькім басейне на паўтара метра. Некага вучаць ныраць з аквалангам.

***

Я сяджу ў кафэ і замаўляю ўсялякія штукі, якія здаюцца мне забаўнымі. Напрыклад, seafood у чырвоным кары, а на пытанне афіцыянта наконт «spicy» асцярожна адказваю «медыюм». Трэба ж калі-небудзь пераходзіць на наступны ўзровень.

Сярэднявечныя хімікі, апісваючы адкрытае рэчыва, мусілі яго спрабаваць на смак. Прынамсі, так было да таго часу, пакуль не адкрылі мыш’як і цыяніды. Лічыцца, што смяротная доза цыяністага калію роўная 0,001 г. Хімік, які яго адкрыў, апісваў яго смак як саладкаваты, міндальны. Сечанаў, якія заразіўся оспай, дыктаваў сваім вучням справаздачу апраб свой стан. Магчыма, мне таксама варта было б запісаць, што адбывалася са мной, пакуль я еў medium spicy seafood in red karri, таму што выжыву я ці не, мне здаецца, пытанне далёка не пустое. Нават калі ты не лічыш, што страва вельмі вострая, арганізм можа лічыць зусім па-іншаму.

***

Паміж столікаў прыбярэжных рэстаранчыкаў ходзяць сабакі. Наведнікі падкормліваюць іх кавалачкамі мяса і морапрадуктаў. Па азіяцкай традыцыі ежа пакрышаная на самыя маленькія кавалачкі, але сабакі прывыклі.

А вось ці прывыклі сабакі да перцу?

***

Я купляю манга. Тайка, захутаная ў тысячу хустак, некалькімі спрытнымі рухамі рассякае яго на аднолькавыя роўныя кубікі. Цяпер іх зручна есці, наколваючы на вострую драўляную палачку, падобную да гіганцкай зубачысткі.

***

Я стараюся пазбаўляцца ад мурашак акуратна, але неўзабаве заўважаю, што ўвесь пакрыты іх трупамі. Мой жывот – даліна смерці, плечы – перавалы жаху, ногі – дарогі страху. Я – Немезіда, зорка смерці.

***

Дзіўна, што ў мясцовасці, дзе паўгоду льюць праліўныя дажджы, няма дрэнажных сістэм. Мне здаецца, што гэтым земнаводным гэта проста падабаецца.

***

Ала неяк сказала, што расчаравалася ў мужчынах. «Паглядзі на іх. Ты бачыў хаця б аднаго з кніжкай? Гэтыя твары... Гэты інтэлект... Гэта ж немагчыма ». Тут на пляжы яна сустрэла б цэлую папуляцыю інтэлектуалаў. Людзі ўчапіліся ў кнігі так, быццам толькі яны перашкаджаюць ім канчаткова расплавіцца і расцячыся па лежаках.

***

А тут, аказваецца, таксама ёсць прыліў. Раніцай я паставіў ляжак ў метрах трох ад вады, а ў 11 мора ўжо падмывае яго закапаныя ў пясок ножкі. Як гэта – прачнуцца і ўбачыць, што ляжак з табой ужо знесла?

***

Ні хваляў, ні плыні. Нехта кінуў пасярод нашай бухты маленькую жоўтую лодку, і яна вось ужо трэці месяц боўтаецца прыкладна на адным і тым жа месцы. Без якара, я правяраў. Спакою яе гаспадара можна пазайздросціць.

***

Што гэтыя гады зрабілі з нашай валізай? Парваная, пакамечаная, з праломленымі сценкамі. Бульдозерам яны яе ціснулі ці што? І цікава, хто «яны»? Тайцы або нашыя?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?