Кіраўнік беларускай дыпламатыі даў бліскучы адлуп скептыкам што да венесуэльскай нафты. У эфіры АНТ ён зазначыў, што вакол гэтага праекта «шмат звону, даруйце за выраз, у сродках масавай інфармацыі».

Здавалася: ну зараз зрэжа нейкімі магутнымі лагістычнымі выкладкамі! Адразу раты пазачыняе крытыканам.

Аднак далей прагучала, што адлегласць, кошт фрахту і г.д. — «гэта ўсё яшчэ адкрытыя пытанні».

«Менавіта таму арыенціровачна ў маі будзе праведзена першая пробная, праўда, дастаткова буйная пастаўка венесуэльскай нафты на нашы нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы», — патлумачыў міністр.

І вось вам забойчае рэзюмэ на грунце вядомага выразу пра шампанскае: «Ёсць пэўная рызыка, а хто не рызыкуе, той не здабывае нафту».

Тым самым

міністр толькі пацвердзіў, што з праекта так і шугае піяраўская пена, як з таго шампанскага ў руках гоншчыка-трыумфатара.

Але ж адна рэч — рызыкант на «Формуле-1», і зусім іншая — калі ладзіцца абсалютна не пралічаная авантура міжнароднага маштабу.

Падаецца, што звышзадача тут — паказаць пад выбары народу і вертыкалі, што беларускі правадыр не страціў якасці цудатворца. Некалі ён казаў: я даў вам дождж! Зараз можна сказаць: я даў вам нафту!

Раней Лукашэнка трымаў аўтарытэт тым, што дамаўляўся пра даброты ў Маскве. Зараз паказвае, што можа дамовіцца хоць з Чавесам, хоць з чортам.

На думку палітолага Валера Карбалевіча, пробнай партыяй заакіянскага чорнага золата ўсё можа і скончыцца. Пасля выбараў гэту манілаўшчыну ціха пахаваюць.

Але ж дарагое яечка да Вялікадня. Так што хай пляскае ў ладкі даверлівы электарат ды скрыгоча зубамі Масква.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру