«У мяне няма нiводнае карцiны, на якой вы не ўбачыце фрагментаў маёй Пакроўскай вулiцы. Гэта, бадай, загана, але толькi не для мяне»,
 — сказаў Марк Шагал. Сапраўды: пабачыўшы шагалаўскія лятучыя аўтапартрэты ў поўны рост і ягоных персанажаў, што кружляюць па-над бялюткімі цэрквамі і драўлянымі крамамі аднаго і таго места, робіцца ясна, што, як бы далёка ні адлятаўся ў сваім жыцці Шагал, ён заўсёды лунаў па-над Віцебскам.

1. Першы парыжскі перыяд

… У 1910 годзе малады мастак Марк Шагал упершыню трапляе ў Парыж. Вядома, у правадзейным цэнтры еўрапейскай культуры крынiцаў для мастацкага станаўлення і мастакоўскага натхнення — безлiч. Варта адно завітаць у мастацкія галерэі, каб убачыць арыгіналы працы сваіх куміраў: Гагена, Сезана, Латрэка. У Парыжы Шагал — у віры багемнага і творчага жыцця. Сыходзiцца з колам фавiстаў Матыса i з «арфiстамi» кола Дэланэ.

«Я жыў у Парыжы, стаўшы спiнаю ад усяго, што мяне атачала», — напiша пра той перыяд Шагал пазней… Але іншыя бачылі ў яго тадышніх працах зусім не павернутасць да французскай сталіцы тварам. Апісваючы свае парыжскія ўражанні, у 1911 г. расійская паэтка Анна Ахматава заўважае: «Марк Шагал прывёз у Парыж свой чароўны Віцебск».

Шагалаўскія палотны свецяцца прызнаннем у любові да горада. Прызнанні прамоўленныя мовай мастацтва, якую Шагал датуль ужо паспяхова засвоіў. Цэнтральнымі працамі першага парыжскага перыяда зрабіліся карціны, дзе адлюстраваныя менавіта віцебскія і лёзненскія ўспаміны мастака (там жыў дзед Шагала). Перад вамі карціна «Я і мая вёска» (1911, Цяпер яна знаходзіцца ў музеі сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку).


2. Першы віцебскі перыяд

Улетку 1914-га Шагал вяртаецца ў Віцебск, дзе яго заспявае пачатак Першай сусветнай. Вайна супала з масткоўскімі пошукамі сябе, з выбарам манеры рысавання. У 1914–1915 былі створаны некалькі дзесяткаў рэалістычных замалёвак, якія сам мастак потым назваў «дакументамі» (а мастацтвазнаўцы ахрэсцілі «Віцебскай сэрыяй»). У розных манерах Марк Шагал робіць збольшага партреты, пейзажы, жанравыя сцэны. Потым мастак распавядзе, што большасць карцінаў пісаў, проста седзячы ля вакна роднага дома. «З эцюднікам па вулках не хадзіў».

Працы напісаныя на аснове натурных ўражанняў ад першых месяцаў вайны. Ён часта выяўляе салдат: «Віцебск. Чыгуначны станцыя», «На насілках». Але гэта і мастакоўскае прадчуванне ўсяленскага гора, прынесенага вайною. Вось — «Ваколiцы Вiцебска», зроблены ў 1914 малюнак, які трапна перадае настрой прадчування катаклiзмаў, што неўзабаве абрынуцца на радзiму мастака. Па-над местам зданню лунае постаць барадатага чалавека…


3. Рэвалюцыйны Пецярбург

З восені 1915 да канца 1917-га Шагал жыў у Пецярбургу, быў чыноўнікам у вайсковым ведамстве. Але ў гэты час Шагала пераймае зусім не рэвалюцыйная Расія, яго карціны перапоўненыя ад кахання да жанчыны, трыумфам пачуццёвасці. Рэч у тым, што наконадні ад’езду ў Расію ён паспеў пабрацца шлюбам з каханай Бэлай Разэнфельд, якая праз год падарыла яму першаніцу, дачку Іду. У гэты перыяд была створаны і адна з карцінаў серыі «Каханкі» — «Ружовыя каханкі» і «Партрэт Бэлы ў белым каўняры». І фонам пачуццёвых буянняў — не краявіды з шэрым пецярбургскім небам ды мастамі цэраз Няву, а беларускія пушчы.


4. Другі віцебскі перыяд

У Віцебск мастак вярнуўся ўжо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Атрымаў ад новай улады мандат «упаўнаважанага па справах мастацтва г. Віцебска і Віцебскай губерні». Арганізаваў у горадзе Народную мастацкую вучэльню, куды запрасіў Эль Лісіцкага і Юдаля Пэна ў якасці выкладчыкаў. Пад кіраўніцтвам Шагала ў 1918–1920-м адбывалася дэкаратыўнае-святочнае афармленне Віцебска: з лятучымі барадачамі на агітацыйных плакатах, з весялковай палітрай святочных расцяжак.

А карціны? Ад таго, як сьвет зьмянiўся канчаткова, мастак пiша «Прамэнад». Малады местачковец далікатна трымае за руку дзяўчыну, якая, нiбыта паветраны зьмей, лунае над горадам. Сам маладзён таксама ўжо прыўзняўся над зямлёю… Закаханыя ўзлятаюць ад шчасьця… Горад, любiмы горад, зусiм не такi, як на працах 1914–16 гадоў: чысты, святочны, без мiзантрапiчнай мiстыкi… У Шагала пазнавальнае ўсё — край, горад i вулiца.


Гэтыя творы, зробленыя ў апошнія гады на Радзіме, лічацца вершыняй творчасці мастака.

5. «…Мая душа з табой ва ўсім»

У 1922 Шагал назаўжды пакідае Беларусь. Атабарваецца ў сваім другім улюбёным горадзе, Парыжы. «Парыж, ты мой Віцебск!» — выгукае на старонках сваёй аўтабіяграфіі Шагал, шчыра лічачы гэта праўдзівым кампліментам французскай сталіцы.

За свае 97 гадоў Марк Шагал паспеў усё: атрымаць сусветнае прызнанне, страціць любую жонку і ўдала ажаніцца ў другі раз, аб’ездзіць палову свету, яскрава афармляючы бажніцы розных канфесіяў…

Але Віцебск, яго Віцебск тым часам бязлітасна мяняўся. Трапіўшы пасля вайны ў Маскву на запросіны савецкага кіраўніцтва, Шагал у Віцебск ехаць не схацеў. Не жадаў бачыць, як непазнавальна змянілі яго горад безаблічная савецкая архітэктура і фашысцкія бамбаванні. Усе тыя гады Шагалам апаноўваў неспакой за жыхароў, за любыя абрысы горада. Не выпадкова папулярны сюжэт Шагала — бедства ў горадзе. Карціна «Пажар», датаваная 1964-м годам. Тут уся гісторыя Віцебска першай паловы ХХ ст. з дзвюма сусветнымі, з начнымі «варанкамі» і карнымі аперацыямі.


П.С. А яшчэ любаму гораду можна напісаць ліст. Марк Шагал так і зрабіў. У змрочны 1944 ў адной з нью-ёркскіх газетаў мастак надрукаваў Віцебску адкрыты ліст. Там былі такія словы:

«Даўно ўжо, мой любы горад, я цябе не бачыў, не чуў, не размаўляў з тваімі аблокамі і не абапіраўся на твае плоты. Як смутны вандроўнік — я толькі нёс усе годы твой подых на сваіх карцінах. І так з табою гутарыў і, як у сне, бачыў цябе… я цябе цалаваў усімі фарбамі і штрыхамі — і не кажы цяпер, што ты не пазнаеш сябе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?