Прымяненне Расеяй вывазных мытных пошлін на прадукты нефтеперапрацоўкі «пакладзе» беларускія прадпрыемствы “вялікай хіміі”.

Міністэрства юстыцыі Беларусі звярнулася ў Эканамічны суд СНД з пазовам па пытанні, датычным правамернасці спагнання вывазных мытных пошлін на прадукты перапрацоўкі нафты і нафтахімічную сыравіну, што пастаўляюцца з Расеі ў Беларусь.

У Мінюсце адзначылі, што з 1 студзеня 2010 года на падставе телетайпаграмы першага намесніка кіраўніка Федэральнай мытнай службы Расіі прадукты перапрацоўкі нафты, у тым ліку нафтахімічная сыравіна, што пастаўляюцца з Расеі ў Беларусь, абкладаюцца вывазной мытнай пошлінай. На неаднаразовыя звароты беларускага боку за тлумачэннем прававых падстаў падобных дзеянняў выразных адказаў ад расейскага боку да гэтага не атрымана.

Беларусь згодная са спагнаннем пошлін на частку сырой нафты. Але прадукты нафтаперапрацоўкі, спадзяваліся беларусы, будуць пастаўляцца ў краіну бяспошлінна. І схема, якая доўгія гады функцыянавала пры перапродажы нафтапрадуктаў з таннай расейскай нафты на рынках Еўропы па еўрапейскіх коштах, захаваецца хаця б для прадуктаў нафтахіміі. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, імпарт нафтапрадуктаў у мінулым годзе склаў 3,795 млн. т - на 50,8% больш, чым у 2008 годзе. Сярэдняя цана імпарту нафтапрадуктаў - $348 за тону. Мытныя пошліны на іх розныя, складаюць ад $80 да $180 за тону.

”Між тым прымяненне вывазных мытных пошлін на прадукты перапрацоўкі нафты, якія выкарыстоўваюцца ў якасці хімічнай сыравіны ў бесперапынных вытворчых працэсах, сур'ёзна ўскладніла, а па асобных пазіцыях - прывяло да поўнага спынення паставак такіх нафтапрадуктаў на нафтахімічныя прадпрыемствы Беларусі. Па сутнасці,

гэта азначае пагрозу поўнага спынення працы шэрагу найбуйнейшых прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу Беларусі,
якія маюць цесныя кааперацыйныя сувязі, у тым ліку і з аналагічнымі прадпрыемствамі Расіі … У такой сітуацыі беларускі бок не бачыць іншага спосабу абароны сваіх законных правоў і інтарэсаў, акрамя звароту ў міжнародныя судовыя інстанцыі", - гаворыцца ў паведамленні Мінюста.

Намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Наталля Рынкевіч падкрэсліла на прэс-канферэнцыі 5 сакавіка, што «блакаванне рашэння дадзенага пытання не толькі супярэчыць двухбаковым дамоўленасцям, але і цягне за сабой істотныя эканамічныя страты для суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін». Па яе словах, спагнанне мытных пошлін на прадукты нафтаперапрацоўкі (параксілола, тэхнічнага парафіна, бензола, артаксілола і іншых) фактычна стала забаронай для іх паставак на прадпрыемствы беларускай нафтахіміі.

У Беларусі маецца 5 прадпрыемстваў па вытворчасці хімічных валокнаў і нітак, прадпрыемствы па вытворчасці лакафарбавых вырабаў, шын, пластмас. Эксперт Аляксандр Алесін заявіў: «Адбудзецца рэзкае падзенне канкурэнтаздольнасці беларускай нафтахімічнай прамысловасці. Таму што асартыментам здзівіць яна не можа, выйгравала канкурэнцыю толькі нізкай цаной за кошт адсутнасці мытных пошлін на расейскія прадукты нафтаперапрацоўкі і экспарту па сусветных цэнах на сусветны рынак. З некаторых рынкаў, у першую чаргу расейскага і ўкраінскага, беларускую прадукцыю хутчэй за ўсё выляціць. Там яна неканкурэнтаздольная».

Але нават у лепшыя часы беларускія прадпрыемствы нафтахіміі працавалі на мяжы рэнтабельнасці. Так рэнтабельнасць найбуйнейшага вытворцы штучнага валакна ААТ «Магілёўхімвалакно» за студзень - верасень 2009 года склала каля 2,5%, прадукцыі выраблена на суму 724,9 млрд. руб. Пры мінімальнай рэнтабельнасці

любое павышэнне коштаў на сыравіну пагражае ператварыць горадаўтваральнае прадпрыемства Магілёва, на якім працуе каля 20 тысяч чалавек, у стратнае.

Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі паведамляе, шта нафтахімія – адна з найбуйнейшых галінаў народнай гаспадаркі Беларусі. Яна займае 17% у беларускім экспарце, у снежні-верасні мінулага года Беларусь экспартавала прадукцыі хімічнай прамысловасці на 2,5 мільярды даляраў, з іх – на 535 у Расію. Расійскія кампаніі інвеставалі ў развіццё беларускай нафтахіміі і зацікаўленыя ў набыцці некаторых прадпрыемстваў, паведамляе аналітык Мінэканомразвіцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?