Фота БЕЛТА

Беларусь гатова пакінуць усе крыўды ў мінулым і пачаць плённае супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі не толькі ў эканамічнай, але і ў іншых сферах», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 сакавіка на сустрэчы з кіраўніцтвам дзесяці буйных кампаній ЗША. Пра гэта паведамляе прэс‑служба прэзідэнта Беларусі.

У прыватнасці, у Мінск прыбылі кіраўнікі карпарацый «Ханівел», «Майкрасофт», «АрвінМерытар», «Ю‑Эс Інтэрнешнл Трэйдынг Карпарэйшн», «ЕРС‑Інжынірынг», «Сіска Сістэмз».

Лукашэнка выказаў шкадаванне, што ў апошняе дзесяцігоддзе адносіны Беларусі і ЗША развіваліся вельмі нераўнамерна і «часта знаходзіліся ў стане крыўднай адчужанасці». «Прычым, хачу падкрэсліць, — не па віне Беларусі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Кропкавыя эканамічныя санкцыі, якія прымяніла да асобных беларускіх прадпрыемстваў адміністрацыя Джорджа Буша‑малодшага, дагэтуль ствараюць негатыўны фон для развіцця ўсяго комплексу гандлёва‑эканамічных сувязяў паміж дзвюма дзяржавамі. «На маю думку, не да твару такой дзяржаве, як ЗША, звяртацца да адкрытага эканамічнага шантажу суверэннай дзяржавы, якая яшчэ толькі фарміруецца», — падкрэсліў прэзідэнт.

Асаблівыя надзеі на нармалізацыю адносінаў Беларусь, паводле слоў Лукашэнкі, звязвае з новай адміністрацыяй ЗША.

«Я схільны лічыць, што ў прэзідэнта Абамы погляд на свет больш адэкватны і дэмакратычны, не абцяжараны перажыткамі халоднай вайны і агрэсіўнымі ідэалагічнымі падыходамі да вырашэння міжнародных пытанняў», — зазначыў беларускі кіраўнік.

Ён падкрэсліў, што знешнепалітычныя перакананні, якія дэманструе Барак Абама, імпануюць кіраўніцтву нашай краіны. «Такі падыход цалкам сугучны прынцыпам міждзяржаўнага супрацоўніцтва, якімі кіруецца Беларусь», — зазначыў Лукашэнка. «З цяперашняй адміністрацыяй мы ўжо распачалі асцярожную гутарку і гатовы працягнуць руку дружбы амерыканскім партнёрам», — дадаў ён.

Разам з тым, падкрэсліў прэзідэнт, цывілізаваны, па‑сапраўднаму эфектыўны дыялог немагчымы

, калі адзін з бакоў знаходзіцца пад адкрытым націскам. «Беларусь зацікаўленая ў развіцці паўнавартасных узаемавыгадных канструктыўных адносінаў з наймагутнейшай дзяржавай свету.

Але яны павінны засноўвацца на прынцыпах неўмяшання ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы, узаемнай павагі і даверу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што амерыканскія бізнесмены пры жаданні змогуць істотна дапамагчы ў нармалізацыі міждзяржаўных адносінаў. «Гэта ненармальна, калі дзве цывілізаваныя дзяржавы, якія калісьці ваявалі разам супраць фашызму, сёння знаходзяцца па розных баках барыкад і глядзяць скоса адна на адну», — упэўнены кіраўнік дзяржавы. І ў фарміраванні новых канструктыўных адносінаў паміж дзвюма краінамі немалую ролю могуць адыграць бізнес‑кантакты, мяркуе ён.

Прэзідэнт таксама заявіў, што Беларусь гарантуе амерыканскаму бізнесу, які прыйшоў у краіну, максімальную падтрымку з боку ўладаў і спрыяльныя ўмовы для працы.

***

Нагадаем, у лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

У сакавіку 2008 года, пасля таго як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна (на той момант — апошняга з шасці прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволеных), ЗША ўвялі санкцыі ў адносінах да ўсіх прадпрыемстваў, што ўваходзяць у склад «Белнафтахіма». Мінск і Вашынгтон адклікалі сваіх паслоў для кансультацый. Да сённяшняга дня штаты абодвух пасольстваў скарочаныя да мінімуму.

5 верасня 2008 года Мінфін ЗША на паўгода памякчыў эканамічныя санкцыі ў адносінах да двух ААТ — «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно». Гэтае рашэнне працягвалася амерыканскім бокам ужо тройчы. У лістападзе 2009 года яно было працягнута да 31 мая 2010 года.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру