Калі футбольны стадыён у Кіеве не будзе пабудаваны ў тэрмін, то Украіна пазбавіцца права правядзення чэмпіянату Еўропы па футболе ў 2012 годзе, заявіў прэзідэнт УЕФА Мішэль Плаціні.
Выступаючы перад журналістамі ў Брусэлі, ён выказаў занепакоенасць з нагоды тэмпаў будаўніцтва аб’ектаў Еўра‑2012 у Кіеве і Львове.
«Калі не будзе Кіева, не будзе Украіны», — сказаў кіраўнік УЕФА.
Фінальная частка еўрапейскага чэмпіянату павінна прайсці ў чатырох украінскіх і чатырох польскіх гарадах.
Плаціні даў зразумець, што ў выпадку няўдачы з Украінай, яе месца можа заняць Германія.
Кіраўнік УЕФА паведаміў, што праз 10 дзён наведае Кіеў, каб атрымаць дадатковыя гарантыі прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і ўрада краіны.





