Ідзе знос будынка Мастацкага вучылішча імя Глебава (вул. Хмяльніцкага, 5). Знікае адзін з адрасоў беларускай культуры канца ХХ стагоддзя. Піша Сяргей Харэўскі.

Яго паставілі яшчэ да вайны, увадначассе з першымі будынкамі Політэхнічнага інстытута. Па вайне там месціўся фінансава-эканамічны факультэт, пасля гандлёвы тэхнікум. А ў 1979-м сюды перабралася славутае мастацкае вучылішча.

«Глебаўка» была адной з самых аўтарытэтных мастацкіх школаў Беларусі. Тут вучыліся народныя мастакі Міхаіл Савіцкі і Ізраіль Басаў, Арлен Кашкурэвіч, Віктар Грамыка, Васіль Шаранговіч, Май Данцыг, Леанід Шчамялёў. І наступнае пакаленне — Адам Глобус і Уладзімер Сцяпан, Уладзімір Сіўчыкаў, Тодар Кашкурэвіч, Міхал Анемпадыстаў. У сутарэннях будынка рэпетавала легендарная «Мроя». А колькі выдатных творцаў было тут настаўнікамі — цяжка злічыць: Малішэўскі, Грамыка, Басалыга, Маркавец, Купава, Васюк, Маціевіч… Сюды прыязджалі вучыцца з усіх куткоў Беларусі, з Калінінграда і Смаленска, з Украіны і Літвы. Але й паступіць было няпроста. Конкурсы былі высокімі, не раўнуючы, у інстытут.

Мастацкая вучэльня была адным з наймацнейшых нацыянальных асяродкаў Мінску. Менавіта яе навучэнцы ў 1984 годзе, падчас знішчэння будынку першага мінскага тэатру выйшлі пратэставаць з расцяжкаю «Руйнуюць помнік беларускае культуры!». У кастрычніку 1985-га на будынку два навучэнцы — Уладзімер Макееў і Міхал Мірошнікаў — вывесілі на даху Глебаўкі нацыянальныя сцягі. Маладыя мастакі былі і сярод удзельнікаў першага «Гукання вясны» ў маі 1986-га.

Цяпер вучэльня адселеная з легендарнага будынка. У ім вядзецца, паводле дакументаў, рэканструкцыя. Пытанне — ці вернуць пасля будынак мастакам, якія ўжо другі год туляюцца немаведама дзе. Не дзіва: месца ў цэнтры горада казырнае, а з вучэльні, разумеюць чыноўнікі, вялікага «навару» не будзе…

Стары парк, некалі ўпрыгожаны скульптурамі, ператвораны ў будаўнічую пляцоўку. Рабочыя паляць вучнёўскія карціны, малюнкі, пілуюць дрэвы… Муры палацу, што перажылі вайну, дзе некалі былі й слёзы й смех, каханне й творчае трымценне, дзе здараліся сапраўдныя радасці і сапраўдныя трагедыі, ужо амаль разбураны. А разам з імі знікае й памяць пра тое, як паўставала, дужэла і змагалася нашае мастацтва.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру