Уладзімір Арлоў атрымаў прэмію «Еўрапейскі паэт свабоды». Цырымонія ганаравання прайшла ў Гданьску. У Польшчы лаўрэата чакала насычаная праграма. Па-першае, выступ перад студэнтамі Гданьскага ўніверсітэту, пасля якога польскія студэнты выразна адчулі розніцу паміж беларускім і расійскім менталітэтам. Потым сустрэча ў літаратурнай кавярні «Экслібрыс», дзе Арлоў з перакладнікам Адамам Паморскім чыталі беларускія арыгіналы і польскія пераклады. Тамсама пісьменнік і паэт сустрэўся з студэнтамі-каліноўцамі, каб падараваць кнігу Барыса Пятровіча «Плошча» беспасярэдным удзельнікам тых падзеяў. Інтэрв'ю з пісьменнікам па вяртанні.

Перакладнік Адам Паморскі, Уладзімір Арлоў і старшыня журы, прафесар Кшыштаф Помян.

Перакладнік Адам Паморскі, Уладзімір Арлоў і старшыня журы, прафесар Кшыштаф Помян.

«Наша Ніва»: Ці прыязна сустракала прадстаўніка беларускай літаратуры польская публіка?

Уладзімір Арлоў: На круглым стале ў выглядзе своеасаблівага ток-шоў па праблемах свабоды творчасці, цэнзуры і самацэнзуры, які праходзіў 25 сакавіка (у ім сярод іншых узялі ўдзел знакамітыя дысідэнты і літаратары: чэх Іржы Груша і літовец Томас Венцлава, паляк Рышард Крыніцкі), быў незабыўны момант. У канцы сустрэчы вядоўца, адзін з ідэолагаў «Салідарнасці» Адам Міхнік сказаў, што сёння беларусы святкуюць Дзень Волі, і некалькі сотняў гледачоў улучна з удзельнікамі круглага стала наладзілі Беларусі і беларусам колькіхвілінную авацыю…

У журы конкурса «Еўрапейскі паэт свабоды» былі вядомыя польскія інтэлектуалы: выдавец Кшыштаф Чыжэўскі, рэжысёрка Агнешка Голанд, пісьменнік Павел Гюле, аўтарка культавага раману «Расійска-польская вайна» Дарота Маслоўска, перакладчык Анджэй Ягадзінскі... Кіраваў журы адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў легендарнага Ежы Гедройца, прафесар Кшыштаф Помян, які прыехаў у Гданьск з Парыжа.

«НН»: Сп-р Уладзімір, пару словаў пра саму цырымонію…

УА: Прэмія «Еўрапейскі паэт свабоды» — гэта яшчэ адзін крок Гданьска на шляху да абвяшчэння культурнай сталіцай Еўропы. Фінал праходзіў у форме гала-канцэрту, які адбыўся ў тэатры «Выбжэжэ». На цырымоніі прысутнічалі дыпламаты краін-спаборніц. Дарэчы, наконт наяўнасці прадстаўнікоў беларускай амбасады нічога дакладна сказаць не магу: яны сябе, як кажуць, не абазначылі.

На вечары самім паэтам і перакладчыкам чытаць вершы не даверылі: за іх гэта рабілі музыкі і акторы пад акампанемент сучаснай музыкі.

Уладзімір Арлоў выйграў прэмію за кнігу вершаў «Паром праз Ля-Манш» — яна ў арыгінале выйшла ў 2007-м у выдавецтве «Логвінаў». На польскую гэты зборнік, выпушчаны ў свет гданьскім выдавецтвам Slowo/Obraz/Terytoria пераклаў Адам Паморскі. Ён ўваходзіць у эліту польскіх перакладчыкаў: спольшчвае творы з беларускіх, расійскіх, ангельскіх, нямецкіх і ўкраінскіх аўтараў. Ягонымі кансультантамі выступілі беластоцкая літаратарка Міра Лукша і Лявон Баршчэўскі.

«НН»: Наколькі нашую літаратуру ведаюць у Польшчы?

УА: Мне даводзілася шмат гаварыць пра імёны сваіх калегаў ды іх творы і распавядаць пра беларускую літаратуру ўвогуле. На сустрэчах з чытачамі, калегамі і журналістамі шматкроць гучалі пытанні кшталту «Назавіце, калі ласка, самых значных або самых папулярных літаратараў Беларусі». Шмат распытвалі пра пераклады на беларускую з польскай. Тут нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Толькі за апошнія гады выйшлі па-беларуску творы Чэслава Мілаша, Збігнева Герберта, Паўла Гюле, Рышарда Капусцінскага, Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, Рафала Ваячака…

Але я бясконца далёкі ад нейкай эйфарыі. Дух займае, калі думаеш, колькі нам трэба зрабіць, каб, напрыклад, у Іспаніі не моршчылі лоб, успамінаючы, дзе гэта знаходзіцца нашая краіна, не кажучы ўжо пра веданне яе літаратуры. Гуляючы па вулках Варшавы і Гданьска, я з добрай зайздрасцю пазіраў на назвы ўстановаў, якія прапагандуюць у Польшчы французскую, нямецкую, румынскую, славацкую культуры...

Асабіста мне пашэнціла — я меў такога выдатнага перакладчыка, як Адама Паморскі, але трэба, каб у Беларусі была створана адмысловая культурная ўстанова, якая бы займалася прасоўваннем беларускай культуры і літаратуры за мяжой.

«НН«: Цяпер, па павароце дадому, якія планы?

УА: Рыхтую да выдання працяг кнігі «Адкуль наш род» для падлеткаў. Калі ў папярэднім выданні аповед спыняўся на 1918 г., дык цяпер я распавяду пра падзеі і асобаў усяго ХХ ст., у тым ліку пра нашых сучаснікаў: Уладзіміра Караткевіча, Ларысу Геніюш, Васіля Быкава... Назва новай кнігі пакуль што абмяркоўваецца з самім сабой, але будзе нешта сугучнае папярэдняму выданню, каб чытач убачыў сувязь паміж кнігамі. А яшчэ нараджаюцца новыя тэксты з цыкла «Полацкія апавяданні». І — вершы.

«НН»: Яшчэ раз віншуем вас, спадар Уладзімір, з перамогай і зычым творчага плёну!

УА: Дзякуй «Нашай Ніве» і ўсім, хто павіншаваў мяне гэтымі днямі. Увогуле лічу сваю прэмію ўзнагародай для ўсёй нашай літаратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?