Новы закон аб парадку ўезду і выезду з Беларусі ўступіў у сілу 30 сакавіка.

Новы закон прыйшоў на змену ранейшаму, які быў зацверджаны яшчэ ў 1993 годзе. З таго часу ў рэспубліцы і за яе межамі адбыліся значныя змяненні, у тым ліку ў грамадскай свядомасці. Усё гэта запатрабавала карэкціровак і ў пагранічным заканадаўстве. Работа над праектам новага закона вялася з 2004 года, і Дзяржпагранкамітэт прымаў актыўны ў гэтым удзел.

Акрамя больш дакладнага рэгулявання, напрыклад, працэдуры часовага абмежавання права на выезд за мяжу, дакумент змяшчае і некаторыя цалкам рэвалюцыйныя палажэнні.

Адно з іх — гэта магчымасць для непаўналетніх беларускіх грамадзян выязджаць за мяжу ў суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў без дакументальна пацверджанай згоды другога. Напрыклад, у маці, якая едзе за мяжу са сваім дзіцем, супрацоўнікі органаў пагранслужбы не будуць патрабаваць наяўнасці пры сабе згоды бацькі або пацвярджальных дакументаў аб яго адсутнасці. Калі ж адзін з бацькоў супраць адпраўкі дзіцяці за мяжу, то ён мае права звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку выезду непаўналетняга з Беларусі. Звесткі аб такім дзіцяці будуць уключацца ў банк даных аб грамадзянах, права на выезд якіх з Беларусі часова абмежавана.

У цэлым у законе дэталёва прапісаны асаблівасці выезду з краіны непаўналетніх, у тым ліку якія маюць статус дзяцей‑сірот або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Рэгламентаваны іх выезд на лячэнне, аздараўленне або кансультацыі. У законе названы пералік дакументаў, што пацвярджаюць статус законнага прадстаўніка дзяцей, а таксама хто можа засведчваць пісьмовую згоду.

Акрамя таго, новым законам вызначаны парадак выканання рашэння аб часовым абмежаванні права грамадзян на выезд з краіны
і аб дазволе выезду з краіны на пэўны тэрмін, а таксама парадак афармлення пастаяннага пражывання нашых грамадзян за мяжой.

У нарматыўным акце ўстаноўлены адзіныя падставы для часовага абмежавання права беларускіх грамадзян на выезд з рэспублікі. Выезд можа быць часова абмежаваны, напрыклад, калі грамадзянін мае звесткі, якія складаюць дзяржаўную тайну, з’яўляецца падазроным або абвінавачваным па крымінальнай справе, калі яму прад’яўлены грамадзянскі іск у судзе. У ліку падстаў таксама невыкананне без уважлівых прычын маёмасных, падатковых, аліментных абавязацельстваў. Права на выезд можа быць абмежавана, калі грамадзянін з’яўляецца даўжніком па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці. Да гэтага спіса аднесена і ўхіленне ад яўкі на мерапрыемства па прызыву на ваенную службу. Аднак цяпер гэтыя падставы стануць факультатыўнымі і рашэнне аб уключэнні ў банк даных грамадзян, якім часова абмежаваны выезд за мяжу, будзе прымацца індывідуальна адносна кожнага канкрэтнага чалавека.

Цяпер у гэтым банку даных змяшчаюцца звесткі больш як аб 100 тыс. беларусаў. У адпаведнасці з новым законам дзяржаўны орган або іншая юрыдычная асоба (іх пералік дакладна ўстаноўлены законам), якая прыняла рашэнне аб часовым абмежаванні права грамадзяніна на выезд з Беларусі, не пазней як за адзін дзень з даты прыняцця такога рашэння павінна накіраваць грамадзяніну адпаведнае паведамленне. Такое ж паведамленне будзе накіроўвацца і ў выпадку зняцця абмежавання.

Разам з тым у шэрагу выпадкаў пакінуць межы Беларусі змогуць і тыя грамадзяне, звесткі пра якіх змяшчаюцца ў банку даных. Выезд ім можа быць дазволены на пэўны тэрмін у сувязі з неабходнасцю тэрміновага лячэння, або ўдзелу ў крымінальным працэсе за межамі рэспублікі, або ў сувязі з цяжкай хваробай, смерцю блізкага сваяка, які пражывае за мяжой.

У цэлым новы закон накіраваны на забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян свабодна пакідаць Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад. Пры яго распрацоўцы выкарыстоўваўся вопыт Германіі, Швецыі, ЗША, Францыі, дзяржаў СНД, а палажэнні дакумента адпавядаюць агульнапрызнаным міжнародным нормам

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?