На працэсе па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў сведкі масава заяўляюць пра націск на іх з боку следства з мэтай атрымаць доказы, якія кампраметуюць Мікалая Аўтуховіча, паведаміў праваабаронца Алег Волчак.

Паводле яго слоў, 29 сакавіка ў судзе дапыталі пяць сведак. «Прадпрымальнік з Оршы Ігар Пузікаў расказаў, што ў 2005 годзе спрабаваў перадаць Аўтуховічу ў турму запіску, каб атрымаць згоду на набыццё ў яго «дзвюх‑трох адзінак аўтатэхнікі». Запіску Пузікаў прасіў перадаць знаёмага, супрацоўніка турмы Сяргея Шнітко, але той адмовіўся яе перадаваць. Аднак, паводле слоў Пузікава, следчыя прымусілі яго сказаць, што запіска ў турму ўсё ж патрапіла. Ён паказаў, што следчыя яму пагражалі, абяцалі хуткае вызваленне, і пад націскам ён даў патрэбныя следству паказанні, аднак у судзе лгаць адмовіўся», — паведаміў Волчак.

Сведка Шнітко ў судзе наогул заявіў, што ніякай запіскі з рук Пузікава не браў, хаця прызнаў, што размова пра магчымасць перадачы запіскі была, адзначыў Волчак.

Паводле слоў праваабаронцы, пра псіхалагічны націск на следстве гаварыла і сведка Людміла Парэмская, былы бухгалтар фірмы Аўтуховіча. «Яна заявіла, што сказала б усё, што заўгодна, абы яе вызвалілі», — адзначыў Волчак. Ён падкрэсліў, што Парэмская таксама не пацвердзіла віну Аўтуховіча.

Былы «афганец» Канстанцін Уланаў расказаў аб тым, як сустракаўся з Аўтуховічам і Аляксандрам Ларыным у Мінску ў 2005 годзе. Паводле версіі следства, падчас гэтай сустрэчы яны сачылі за намеснікам міністра па падатках і зборах Васілём Камянком, рыхтуючы на яго замах. «Аднак у судзе Уланаў заявіў, што ніхто ні за кім не сачыў. У турме на Уланава пачаўся псіхалагічны націск, акрамя таго, у следчым ізалятары ён перанёс інфаркт. Адвакат гаварыў, што нельга яго браць на следчыя дзеянні, але ўсё адно яго вазілі па месцах, дзе, паводле слоў Ларына, да іх далучаўся Уланаў, калі яны сачылі за Каменкам», — расказаў Волчак.

«Абвінавачанне рассыпаецца на вачах. Усе сведчанні, якія следчыя здабылі шантажом і катаваннямі, а ўтрыманне Уланава ў СІЗА з інфарктам я лічу катаваннем, на судовым пасяджэнні не пацвердзіліся. Я не ведаю, на што разлічвалі следчыя і дазнавальнікі, няўжо яны думалі, што сведкі ў судзе пра гэта не раскажуць? Але мяне турбуе, што гэтыя дзеянні ўчынялі супрацоўнікі элітнага падраздзялення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Калі яны так парушаюць закон, то што гаварыць пра следчых з раённых гарадоў і пасёлкаў. Усе гэтыя дзеянні можна расцаніць як дыскрэдытацыю праваахоўных органаў», — заявіў Волчак.

Пры гэтым праваабаронца яшчэ раз адзначыў, што доказы, атрыманыя пад націскам, не могуць быць пакладзены ў аснову абвінаваўчага прысуду.

Нагадаем, у Вярхоўным судзе разглядаецца крымінальная справа, па якой праходзяць Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў. Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіч і Асіпенка таксама абвінавачваюцца ў арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы ў 2004 годзе.

Падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў, былы кіраўнік УБАЗ па Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта, але не прыняў мер па яго прадухіленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?