Паводле вынікаў 2009 года Беларусь займае чацвёртае месца ў СНД па ўзроўні сярэдняй заработнай платы, якая склала 356 даляраў ЗША. Такія звесткі Белстата.

Беларусь апярэдзілі Расія (628 даляраў у эквіваленце), Казахстан (455 даляраў) і Азербайджан (371 даляр). Украіна заняла пятае месца — 239 даляраў.

Паводле звестак Белстата, у 2009 годзе намінальная сярэднямесячная зарплата ў краіне склала 998,3 тыс. рублёў. У рэальным вылічэнні яна зменшылася на 0,4% да ўзроўню 2008 года. Паводле папярэдніх звестак, сярэдняя заработная плата на прадпрыемствах малога бізнесу павялічылася на 5%.

Аплата працы склала 56,4% у структуры грашовых даходаў насельніцтва, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі) — 18,7%, даходы ад уласнасці (працэнты па дэпазітах, дывідэнды і іншыя расходы) — 2,6%, іншыя даходы (паступленні ад продажу сельскагаспадарчай прадукцыі, даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці, іншыя паступленні) — 22,3%. Грашовыя даходы ў разліку на душу насельніцтва ў 2009 годзе склалі 755,3 тыс. рублёў у месяц і павялічыліся ў рэальным выражэнні на 2,9%. Самы высокі тэмп прыросту назіраўся ў Мінску — 8,6%. Знізіліся грашовыя даходы ў разліку на душу насельніцтва ў Магілёўскай вобласці — на 1,3%.

Сярэдні памер прызначанай пенсіі ў 2009 годзе склаў 429,5 тыс. рублёў, што ў рэальным вымярэнні на 0,2% больш, чым у 2008 годзе. Для параўнання, у даляравым эквіваленце сярэдняя пенсія ў Расіі склала 204, ва Украіне — 129, у Беларусі — 150.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?