Пра гэта заявіў прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі 30 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з кіраўніцтвам найбуйнейшых амерыканскіх кампаній.

«Мне здаецца, мы знаходзімся на правільным шляху выбудоўвання інтарэсаў праз эканоміку ў палітыцы», — заявіў Сідорскі, звяртаючыся да прадстаўнікоў амерыканскага бізнесу.

Ён нагадаў, што «да пэўнага часу» Беларусь актыўна развівала адносіны з амерыканскімі кампаніямі, вынікам чаго стала дасягненне тавараабароту больш чым у 700 млн. даляраў.

Аднак «па палітычных матывах эканамічнае ўзаемадзеянне з амерыканскімі партнёрамі было прыпынена»,

адзначыў прэм’ер‑міністр. Паводле яго слоў, пастаўкі прадукцыі шэрагу найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў, найперш высокатэхналагічных, у ЗША былі прыпынены.

Тым не менш, заявіў Сідорскі, беларускі бок аб’ектыўна ставіўся да падзей, што адбываліся. «Мы давалі сігнал нашым прадпрыемствам не спыняць кантакты з амерыканскімі кампаніямі, асабліва ў сферы высокіх тэхналогій, хімічнай, нафтахімічнай галін», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Ён выказаў задавальненне тым, што «амерыканскія кампаніі з павагай ставяцца да беларускай эканомікі». «Больш за 300 амерыканскіх кампаній працуюць у розных сферах беларускай эканомікі», — нагадаў Сідорскі.

Ён падкрэсліў, што Беларусь моцная ў розных галінах эканомікі. У прыватнасці, беларускім трактарам належыць 12% сусветнага рынку трактарнай тэхнікі. Паводле слоў Сідорскага, у Беларусі ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для развіцця новых вытворчасцяў.

«І мы, зразумела, маем патрэбу ў новых інвестыцыях.

Думаю, што ваша зацікаўленасць будзе заключацца перадусім у тым, каб інвеставаць у нашу эканоміку», — адзначыў прэм’ер‑міністр, звяртаючыся да прадстаўнікоў амерыканскіх кампаній.

У якасці станоўчага прыкладу ён прывёў узаемаадносіны з Кітаем, які плануе на працягу двух‑трох гадоў інвеставаць у Беларусь больш чым 15 млрд. даляраў.

Гаворачы пра магчымасці інвеставання, Сідорскі падкрэсліў, што Інвестыцыйны кодэкс Беларусі з’яўляецца адным з лепшых. Паводле яго слоў, беларускі бок гатовы даваць дадатковыя прэферэнцыі замежным кампаніям «для рэалізацыі цікавых праектаў».

У сваю чаргу партнёр юрыдычнай кампаніі «Грынберг Траўрыг» Дэвід Бэйран адзначыў, што беларускае заканадаўства, інвестыцыйны клімат «развіваецца істотным чынам».

На яго погляд, сустрэча кіраўнікоў амерыканскіх кампаній з беларускім прэзідэнтам 29 сакавіка пацвердзіла, што «цяпер настае гістарычны момант для аднаўлення і развіцця адносін паміж краінамі». «Я мяркую, што ўвесь свет будзе назіраць, як у Беларусі ставяцца да амерыканскіх кампаній, як яны працуюць тут», — сказаў Бэйран.

Паводле яго слоў, вынікам актывізацыі ўзаемаадносін павінны стаць новыя інвестыцыі ў Беларусь і аднаўленне ранейшых аб’ёмаў паставак беларускай прадукцыі ў ЗША.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру