Кэтрын Эштан, фота AFP.
Еўрасаюз спадзяецца, што беларускія ўлады прыкладуць усе неабходныя намаганні для таго, каб мясцовыя выбары 25 красавіка адказвалі міжнародным стандартам і нормам АБСЕ. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх сувязях Кэтрын Эштан ад 30 сакавіка.
У заяве гаворыцца, што апошнім часам у Беларусі абмяжоўвалася свабода сходу, асацыяцыі і выказвання.
«ЕС глыбока занепакоены ўціскам на прадстаўнікоў незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных структур у Беларусі. Так, няўрадавыя арганізацыі і апазіцыйныя партыі па‑ранейшаму сустракаюцца з цяжкасцямі пры рэгістрацыі. Гэтыя тэндэнцыі выклікаюць асаблівую занепакоенасць напярэдадні мясцовых выбараў. Для ЕС вельмі важна, каб яны прайшлі добра», — адзначае Эштан.
Вярхоўны прадстаўнік ЕС падкрэслівае, што аб’яднаная Еўропа будзе ўважліва сачыць за ходам выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Эштан таксама асудзіла прывядзенне ў выкананне смяротнага прысудуу ў дачыненні да двух беларусаў у Мінску. Яна заклікала беларускія ўлады апублікаваць поўную інфармацыю пра гэта, а таксама ўвесці мараторый на вышэйшую меру пакарання.
Пры гэтым еўрапейскі чыноўнік пацвердзіла гатоўнасць ЕС супрацоўнічаць з Беларуссю, у прыватнасці, у рамках палітыкі «Усходняга партнёрства». Паводле яе слоў,
пашырэнне ўзаемадзеяння залежыць ад «канкрэтных захадаў Беларусі ў кірунку дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона».
Як паведамлялася, у нядаўнім адкрытым лісце да СМІ пасол Беларусі ў Бельгіі Уладзімір Сянько адзначыў, што ў «Беларусі і ЕС высокія чаканні ад двухбаковых адносін». «Не ўсім задаволеныя нашы партнёры ў Бруселі, але, што важна падкрэсліць, і асноўныя чаканні Беларусі не зусім задаволеныя Еўрасаюзам», — заўважыў Сянько.
Паводле яго меркавання, «падобная сітуацыя характэрная амаль для ўсіх галін супрацоўніцтва — ад палітыкі і эканомікі да кантактаў паміж людзьмі». «Мы ўсё яшчэ разлічваем на адчувальныя вынікі», — падкрэслівалася ў лісце.
Беларускі пасол звярнуў увагу на тое, што Мінск «пагадзіўся пачаць з ЕС дыялог па правах чалавека, нягледзячы на тое, што ЕС пакуль не выканаў адну з умоў гэтага дыялогу — план дзеяння для развіцця двухбаковых адносін».





