Як паведаміла 30 сакавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Рэспубліканскі турысцка‑спартыўны саюз» Валянціна Максіменка, у 2009 годзе ў арганізаваныя паходы адправіліся 354 турыстычныя групы, або прыкладна 3.200 чалавек.

У 2008 годзе ў паходах пабывалі 256 турыстычных груп (2.300 чалавек). Як падкрэсліла Максіменка, усе гэтыя групы афіцыйна заявілі пра сябе ў Рэспубліканскі турысцка‑спартыўны саюз і прайшлі маршрутна‑кваліфікацыйныя камісіі, якія ацэньваюць адпаведнасць падрыхтоўкі ўдзельнікаў паходу цяжкасці іх маршруту, даюць рэкамендацыі па амуніцыі і інш. «На жаль, вельмі шмат турыстычных груп ходзяць у паходы, не заяўляючы пра сябе, яны не праходзяць камісіі, не становяцца на ўлік, і мы пра іх нічога не ведаем», — зазначыла спецыяліст.

Паводле яе слоў, нягледзячы на рост тых, хто жадае адправіцца ў паход,

іх колькасць значна меншая за тую, што адзначалася падчас піку развіцця спартыўнага турызму ў 1988 годзе.

Тады ў паходы адправіліся 1.790 турыстычных груп (больш за 14 тыс. чалавек).

Асаблівай папулярнасцю ўжо доўгія гады карыстаюцца паходы выхаднога дня, якія не патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі. Астатнім паходам прысвойваецца катэгорыя складанасці — ад першай (самай лёгкай) да шостай (самай складанай). Па Беларусі ў асноўным арганізуюцца паходы выхаднога дня і 1‑2‑й катэгорый складанасці.

Як зазначыў старшыня ГА «Рэспубліканскі турысцка‑спартыўны саюз» Мікалай Дубовік, асноўная частка спартыўных паходаў беларусаў выконваецца па тэрыторыі Расіі і іншых краін былога СНД. Папулярнасцю карыстаюцца Алтай, Каўказ, Урал, Кольскі паўвостраў, Карэлія, Карпаты, водныя маршруты ў Крыме. Веласіпедысты часта падарожнічаюць па Еўропе, наведваючы Польшчу, Чэхію, Славакію.

Сярод найбольш экзатычных — паходы групы спрактыкаваных турыстаў пад кіраўніцтвам майстра спорту па турызме, якому прыблізна 70 гадоў. Група наведала Кітай, Іран, Пакістан, а сёлета мае намер адправіцца ў Тыбет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?