Лідэр чачэнскіх партызанаў Доку Умараў заявіў, што атака ў маскоўскім метро 29 сакавіка была арганізавана на ягоны асабісты загад.
Пра гэта паведамляе сайт ісламістаў Kavkazcentr.com.
На відэа, зробленым 29 сакавіка, Умараў заявіў, што гэтая атака -- «адказ ударам і акцыяй помсты за разню, якую ўчынілі расейскія акупанты, самых бедных жыхароў Чачэніі і Інгушэціі, якія збіралі чарамшу пад Арштамі 11 лютага».
Умар падкрэсліў, што напады на тэрыторыі Расіі будуць працягвацца.
Раней грузінскі расійскамоўны тэлеканал «Першы Каўказскі» распаўсюдзіў аўдыёзварот ад імя Умарава, у якім гаварылася: «Чачэнцы на гэта не здольныя. Усё прадстаўлена так, быццам ніхто з расійскіх спецслужб не вінаваты, а насамрэч яны датычныя. У выбухах у Маскве вінаватая ФСБ» – гаворыў мужчынскі голас на запісе.Ці сапраўдныя відэа і аўдыёзапіс і ці належаць яны Умараву, дакладна невядома.
Меркаванне аб датычнасці расійскіх спецслужбаў да тэрактаў на станцыях Лубянка і Парк культуры выказаў спікер парламента Чачні Дукуваха Абдурахман.
«Калі высокія асобы сёння называюць Паўночнакаўказскі рэгіён «вінаватым» ў сваіх справаздачах кіраўніцтву, мы павінны заявіць, што лічым вінаватымі ў тым, што адбылося, маскоўскія спецслужбы, праваахоўныя органы або сілы бяспекі Масквы» -- заявіў ён.Спікер чачэнскага парламента таксама адзначыў, што калі тэрарыстам удалося пранесці выбуховыя прылады ў метро, то гэта сведчыць аб «абсалютнай халатнасці адпаведных службаў», а таксама «садзейнічанні работнікаў праваахоўных органаў» злачынцам, вінаватым у здарэнні.
У панядзелак, 29 сакавіка, ў 7:56 маскоўскага часу ў другім вагоне цягніка на станцыі метро «Лубянка» адбыўся выбух. Праз паўгадзіны бомба ўзарвалася ў цягніку на станцыі метро «Парк культуры». Абодва выбухі прагрымелі, калі цягнікі знаходзіліся ля платформы. Па апошніх дадзеных, ахвярамі тэрактаў сталі 39 чалавек. Раненні атрымалі больш за 80 асобаў.
Па дадзеных ФСБ, выбухі ў маскоўскім метрапалітэне ажыццявілі дзве тэрарысткі-смяротніцы. Пры гэтым кіраўніцтва Службы бяспекі заявіла, што да тэрактаў у маскоўскім метро датычная групоўка з Паўночнага Каўказа.





