Яшчэ адна аварыя на тым жа ўчастку МКАД. Фота forum.onliner.by.
Па словах відавочцаў, аварыя здарылася ў часе спынення руху на ўчастку дарогі для пропуска калоны вайсковай тэхнікі.
30 сакавіка прыблізна а 14-й гадзіне на МКАД у раёне Сцяпянкі цягач «Вольва» збіў два легкавікі — «Опель» і «Пежо». Ад моцнага ўдару задняя частка «Опеля» змялася амаль да месца кіроўцы. На шчасце ў машыне не было пасажыраў. Кіроўца пашкодзіў твар. Паводле відавочцаў, на гэтым участку МКАД на той момант быў спынены рух для пропуска калоны вайсковай тэхнікі. «Мужыкі, я там быў на чатыры машыны наперадзе.
Праз 5 — 10 секунд пасля спынення пачуў віск тармазоў і ўдар, як быццам з дзевяціпавярховіка скінулі смеццевы кантэйнер.МКАД была перакрытая ў тым месцы, дзе выезд на яе з-пад моста налева і наверх (р-н базы МНС і гаражнага кааператыва). Гаёвы, які на фота — перакрываў дарогу пад мостам, пачуў ўдар і падняўся па адхоне на МКАД. (…) У вадзілы Опеля рассечаны лоб. Сам ён ад удару апынуўся на пярэднім пасажырскім сядзенні і рассек лоб аб правую стойку (быў не прышпілены). Потым мы яго дасталі адтуль, адагнуўшы пярэднія дзверы», — піша адзін з наведвальнікаў форума onliner.by. Многія ўдзельнікі абмеркавання гэтага здарэння выказваюць прэтэнзіі да дзеянняў супрацоўнікаў ДАІ па арганізацыі руху на МКАД у часе праходжання ў гэтым раёне калоны вайсковай тэхнікі.
Праз нейкі час на тым жа ўчастку трасы, прыблізна ў 500 м ад месца сутыкнення грузавіка з легкавікамі, адбылася яшчэ адно ДТЗ з удзелам мікрааўтобуса «Мерседэс» і легкавіка. Мікраўтобус перавярнуўся.
Афіцыйнай інфармацыі наконт здарэнняў на МКАД пакуль няма. У прэс-рэлізе ДАІ за 31 сакавіка падрабязнасцяў няма.





