У пытанні паставак расійскай нафты ў Беларусь Масква будзе кіравацца дзейным пагадненнем. Пра гэта заявіў на прэс‑канферэнцыі ў Маскве 30 сакавіка дырэктар зводнага дэпартамента аналізу і рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці Мінэканамразвіцця Аляксей Ліхачоў, перадае ІА Regnum Новости.
Паводле слоў Ліхачова, Расія лічыць нафту сур’ёзным бюджэтным таварам. «Не трэба гаварыць, наколькі вялікая ўдзельная вага пошлін на нафту ў расійскім бюджэце. Пры гэтым мы выдзяляем баланс уласнага спажывання нафты беларускай дзяржавай», — падкрэсліў ён.
«Метадам перамоў мы прыйшлі да аб’ёму 6,3 млн. тон, якія Расія пастаўляе Беларусі бяспошлінна. Мы прыйшлі да высновы, што менавіта гэты аб’ём нафты неабходны для вытворчасці нафтапрадуктаў і працы беларускай хімічнай прамысловасці. Усё астатняе абкладаецца пошлінай», — адзначыў Ліхачоў.
Паводле яго слоў, гэта адпавядае нормам Мытнага саюза, у якім асобныя тавары ўваходзяць у баланс спажывання ўнутры мытнай тэрыторыі, у той час як тавары, што не ўваходзяць у гэты баланс, абкладаюцца экспартнай пошлінай.
Адказваючы на пытанне ІА Regnum аб тым, ці магчымы перагляд расійскай пазіцыі па ўмовах паставак нафты, у тым ліку і ў сувязі з тым, што Беларусь, лічачы неправамоцным збіранне экспартных пошлін унутры Мытнага саюза, падала на Расію ў суд, Ліхачоў сказаў: «1 ліпеня, калі пачынае дзейнічаць адзіная мытная тэрыторыя, не з’яўляецца прадметам перагляду нашых двухбаковых пагадненняў. Я не бачыў пазову Беларусі да Расіі. Я ведаю пра яго толькі са слоў беларускага віцэ‑прэм’ера Андрэя Кабякова.
Мы разумеем кантэкст таго, што адбываецца, але мы не разумеем юрыдычнай канструкцыі, якую прапануе Беларусь».
«Вы пытаецеся ў мяне, ці з’яўляецца дзейная схема Расіі па ўмовах паставак нафты ў Беларусь вечнай. Маё меркаванне: зусім не. Гэтак жа, як будзе развівацца інтэграцыя, гэтак жа будуць мяняцца нашы адносіны з Беларуссю. Канчатковай мэтай з’яўляецца схема «Мытны саюз +». Гэта азначае поўную уніфікацыю імпартных і экспартных пошлін, выпрацоўку механізму іх замяшчэння і расшчаплення. Але гэта элемент адзінай эканамічнай прасторы, а не Мытнага саюза», — падкрэсліў Ліхачоў.
«У мытных саюзах, што існуюць у свеце, дзейнічаюць розныя погляды на выкарыстанне экспартных пошлін. Некаторыя саюзы выкарыстоўваюць, некаторыя — не», — паведаміў ён.
Ён адзначыў, што ў найбліжэйшай перспектыве ў пытанні паставак нафты Беларусі Расія будзе кіравацца дзейным пагадненнем, падпісаным зімой 2010 года.





