фота svobodanews.ru
Пра гэта яму паведамілі заказным лістом з пасольства Беларусі ў Маскве.
Як распавёў «Беларускаму партызану» сам Шарамет, які жыве ў Маскве, ліст падпісаны не амбасадарам, а адным з сакратароў. Там не пазначана, хто менавіта прыняў рашэнне аб пазбаўленні яго грамадзянства – МУС, МЗС або адміністрацыя кіраўніка Беларусі. У якасці прычыны пазбаўлення грамадзянства ўказваецца атрыманне Шараметам расійскага пашпарту.
Таксама ў лісце паведамляецца, што Шарамет можа прыйсці і здаць у амбасадзе беларускі пашпарт, атрымаць даведку аб пазбаўленні грамадзянства і заплаціць за гэта пошліну 7 еўра.
«Я спрабаваў высветліць, якое ведамства прыняло рашэнне аб пазбаўленні грамадзянства, але мне пакуль ніхто афіцыйна нічога не можа паведаміць. Дае грамадзянства прэзідэнт краіны, ён і пазбаўляе грамадзянства ў выпадку добраахвотнага звароту чалавека. Я нікому ніякіх лістоў не пісаў, ад беларускага грамадзянства не адмаўляўся.Пра тое, што ў мяне ёсць грамадзянства РФ, беларускія ўлады ведалі яшчэ 10 гадоў таму – іх аб гэтым афіцыйна апавяшчаюць, але рэагавалі на гэта спакойна. Вядома, што беларускія ўлады нават ўгаворваюць людзей не адмаўляцца ад беларускага грамадзянства ў выпадку пераезду на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну.
Жаданне адабраць у мяне беларускі пашпарт – гэта праява абвастрэння псіхозу беларускіх спецслужбаў. Яны ўжо не ведаюць, як нас укусіць і за якое месца. Безумоўна, гэта помста за маю прафесійную дзейнасць. Помста подлая і гадкая. Я не збіраюся нічога абскарджваць зараз, таму што гэта бессэнсоўна. Вернемся да гэтай тэмы пасля рэвалюцыі»-- заявіў Павал Шарамет.
***
У 2002 годзе ў Беларусі былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства аб грамадзянстве, якія дазваляюць людзям мець другое грамадзянства, калі яны пастаянна пражываюць у іншай краіне, але не хочуць разрываць сувязь з радзімай.
Па звесткам «Беларускага партызана», рашэнне аб пазбаўленні Шарамета грамадзянства прымалася не ў міграцыйнай службе і не кіраўніцтвам МУС, а непасрэдна Саветам бяспекі.





