Калі тры гады таму Ўладзімер Падгол прапанаваў ідэю агульнанацыянальнай дыктоўкі, яго мала хто зразумеў. Аднак, зь цягам часу ідэя набывала ўсё новых прыхільнікаў, і сёньня дыктоўкі па-беларуску пішуць мастакі, пісьменьнікі, палітыкі, сьвятары, замежныя дыпляматы… Да новай ідэі вядомага палітоляга стаўленьне таксама пакуль не адназначнае. Ён прапанаваў… перапісаць Біблію і скансалідаваць такім чынам разьяднаных з розных прычынаў суайчыньнікаў.

Міхась Скобла: Уладзімер, яшчэ ў 1517 годзе Францішак Скарына Біблію друкаваў — і гэтую дату мы заслужана адзначаем як пачатак беларускага кнігадрукаваньня. Вы ж прапануеце нібы зноў вярнуцца ў даскарынаўскую эпоху і перапісваць Біблію ад рукі. У чым сэнс вашай ідэі?

Уладзімер Падгол: Перапісваньне Бібліі, якое прапаную я, адрозьніваецца ад працы перапішчыкаў у даскарынаўскія часы. Тады сядзелі перапішчыкі-манахі, і кожны зь іх сваёй рукой перапісваў усю Біблію. Перапісваньне Бібліі належала адной собе. А я прапаную вось што. У адну чыстую кнігу (падкрэсьліваю — адну!) кожны, хто хоча, можа перапісаць радок, абзац, разьдзел, некалькі старонак, як атрымаецца, зь Бібліі. Перапісаць, паставіць сваё прозьвішча і саступіць месца другому. Такім чынам, у выніку мае атрымацца Біблія, перапісаная вялікай колькасьцю людзей — і вернікамі, і атэістамі, і тымі, хто ня верыць, але хоча верыць. Такая рукапісная Біблія зьяднала б вялікую частку народу. Народ яднаўся б не ля тэлевізара зь ідалам, які бясконца прамаўляе, распавядае, як цудоўна жыць у Беларусі, а вакол Слова Божага. Перапісваючы Біблію ад рукі, мы атрымалі б, па-першае, людзкую салідарнасьць, па-другое — салідарнасьць беларусаў са Словам Божым, а значыць — з Богам, з маральнымі каштоўнасьцямі хрысьціянскімі.

Скобла: Рэдка ў якіх цэрквах і касьцёлах ёсьць Біблія на беларускай мове. Прыкладам, у перакладзе Васіля Сёмухі. Паколькі ні праваслаўнай царквой, ні каталіцкім касьцёлам пераклад гэты афіцыйна не зацьверджаны. Дык што людзі павінны перапісваць?

Падгол: Падкрэсьліваю, перапісваць я прапаную толькі беларускамоўную Біблію. Тут ёсьць свае праблемы. Нягледзячы на тое, што Біблія ў перакладзе Сёмухі не зацьверджаная ні царквой, ні касьцёлам, я, тым ня менш, калі прыйду перапісваць Божае Слова ў чыстую кнігу, то прыйду зь Сёмухавай Бібліяй. Магчыма, касьцёл, калі падключыцца да гэтай справы, прапануе Біблію ў перакладзе ксяндза Ўладыслава Чарняўскага, якою католікі карыстаюцца. Думаю, што ў праваслаўных таксама знойдзецца беларускамоўны тэкст Бібліі. Тут будзе ўжо не прынцыпова — ці з адной і той жа кнігі перапісваць. Прынцыповым зьяўляецца тое, каб у адну і тую ж кнігу з чыстымі старонкамі перапісвалі ўсе.

Скобла: Каб гэтая акцыя была эфэктыўнай у агульнанацыянальным маштабе, патрэбныя зладжаныя дзеяньні сьвятароў розных канфэсій. Як гэтага дамагчыся? Ці арганізоўваць гэтую справу будуць ня толькі сьвятары?

Падгол: Шчырыя вернікі, вядома ж, пойдуць у храм і там будуць перапісваць. Але, напрыклад, калі хворы чалавек ня можа прыйсьці ў храм, то чаму б да яго не прывезьці Біблію? У гэтай справе, я думаю, можа быць некалькі этапаў. Можа нават цэлая каманда добраахвотнікаў дапамагаць. Напрыклад, Біблія ляжыць пэўны час у храме, а потым, па просьбе чалавека, яе вязуць да нямоглага, каб і ён паўдзельнічаў у перапісваньні. Гэта таксама паспрыяе кансалідацыі нашай нацыі. Прызнаюся, да гэтай ідэі з захапленьнем аднесьліся некалькі беларускіх ксяндзоў і вернікі, і сам перакладчык Бібліі — Васіль Сёмуха. І самы першы этап кансалідацыі — гэта дамова паміж канфэсіямі. Калі ўдасца дамовіцца пра адну чыстую кнігу — гэта будзе добрым пачаткам. Падкрэсьлю, пажадана, каб была толькі адна чыстая кніга, у якую і праваслаўны, і католік, і эвангельскі хрысьціянін-баптыст упіша свае радкі. Бо калі кожная царква, кожны касьцёл пачнуць рабіць сваю кнігу, яны кансалідуюць толькі сваю паству. Павінна быць эстафета, вандраваньне кнігі. Скажам, кніга праляжала месяц у менскім Чырвоным касьцёле, наступны месяц — у Сьвята-Духавым катэдральным саборы, потым пераехала ў малельны дом эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў, потым яе павезьлі ў Віцебск і г.д. Кніга мусіць вандраваць па ўсёй Беларусі, трапіць у розныя гарады, мястэчкі і вёскі. І ўся Беларусь пачне гаварыць пра гэта, абмяркоўваць гэта. І адбудзецца яднаньне, паўтаруся, не вакол тэлевізара зь ідалам, а вакол Бібліі. Гэта тое, што сёньня патрэбна нашым сьвятарам, патрэбна нашай нацыі, патрэбна нашай агульнай маралі — яднаньне вакол Бібліі.

Скобла: У любой акцыі, у любой добрай справы павінна быць кропка адліку. Калі вы мяркуеце даць старт кампаніі «Перапішам Біблію па-беларуску!»?

Падгол: Я пачуў у вашых словах водгук савецкіх часоў: давайце зробім плян на пяцігодку, потым датэрмінова яго выканаем, перавыканаем і г.д. Тут усё ня так. Тут галоўнае — ці ідэя ахоплівае бальшыню людзей, ці не ахоплівае. Калі не ахоплівае, то, можа, ня варта і распачынаць. Што атрымаецца з гэтай ідэі — я і сам ня ведаю. Аднак лічу, што трэба пачаць. Сам працэс ужо будзе кансалідаваць людзей. Уявіце сабе дзіцёнка сямі-дзесяці гадоў, які ў Біблію сваёю рукой упісаў радок. Ён расьце, свавольнічае, а яму ў школе кажуць: ня трэба падманваць, ты ж Біблію перапісваў! Гэта можа стаць наймагутнейшай акцыяй яднаньня і ачышчэньня для ўсіх пакаленьняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?