Беларускім наймальнікам дадзена права заключаць з работнікам працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін. Гэта прадугледжвае ўказ прэзідэнта №164 ад 31 сакавіка «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 г. №180».
Дакумент выдадзены «ў мэтах удасканалення кантрактнай формы найму і скіраваны на ўзмацненне абароны працоўных правоў добрасумленных работнікаў», паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.
Наймальніку дадзена права заключаць з работнікам, які не дапускае парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны і прапрацаваў у яго не менш як пяць гадоў, пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракта працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін з пісьмовай згоды работніка. Гэтае правіла не будзе прымяняцца да работнікаў, з якімі заканадаўствам прадугледжана абавязковае заключэнне кантрактаў, напрыклад, да дзяржаўных служачых.
У выпадку адмаўлення работніка ад заключэння працоўнага дагавора на нявызначаны тэрмін па пісьмовым пагадненні бакоў кантракт з работнікам можа працягвацца або заключацца новы кантракт у адпаведнасці з указам №180.
Устаноўлены месячны тэрмін для папярэджання наймальнікам работніка, у якога заканчваецца тэрмін кантракта, аб рашэнні спыніць з ім працоўныя адносіны або працягнуць іх на ўмовах кантракта або працоўнага дагавора на нявызначаны тэрмін.
Указ уступае ў сілу праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.





