Кампаніі падпісалі пагадненне аб партнёрстве, згодна з якім праграмны прадукт Microsoft Hohm будзе выкарыстоўвацца для аптымізацыі спажывання электрычнасці ва ўмовах хуткай электрыфікацыі аўтамабіляў.
Бясплатная он‑лайн аплікацыя Hohm дапамагае амерыканскім карыстальнікам прааналізаваць спажыванне электраэнэргіі ў іх дамах. Яна падказвае, якім чынам аптымізаваць расход і сэканоміць грошы.
Microsoft і Ford плануюць шчыльна супрацоўнічаць з камунальнымі прадпрыемствамі і гарадскімі ўладамі. Яны імкнуцца распрацаваць схему спажывання электрычнасці, якая б найлепш задаволіла патрэбы карыстальнікаў.
Ford вельмі актыўна працуе над машынамі з гібрыдным і электрычным прывадам.
Ужо сёлета кампанія выпусціць фургон Transit Connect Electric з гібрыдным рухавіком і новы гібрыдны Lincoln MKZ. А да 2012 года амерыканскі аўтагігант плануе стварыць яшчэ два гібрыды ўжо новага пакалення.
Першай мадэллю, якая скарыстае перавагі Microsoft Hohm, стане Ford Focus Electric.
Прылада дапаможа аўтааматарам аптымальна спланаваць час і хуткасць зарадкі.
«Каб электрыфікацыя сапраўды працавала на нашых кліентаў — гэта значыць яны і грамадства атрымлівалі б максімальную выгоду ад гэтага альтэрнатыўнага паліва экалагічным і даступным па коштах чынам — вытворцы аўтамабіляў і камп’ютарнага софту, камунальныя прадпрыемствы і улады павінны супрацоўнічаць», — кажа Нэнсі Джыоя, адказная за стратэгію глабальнай электрыфікацыі мадэляў Ford.
Кіраўнік Ford Алан М’юлэлі ў сваю чаргу адзначыў, што нават адна машына электрычным рухавіком можа ўдвая павялічць сярэднюю лічбу спажывання электрычнасці звычайнай сям’ёй. Праблема аптымізацыі расходу і нагрузкі на электрычныя сеткі стане яшчэ больш актуальнай з ростам колькасці аўто з электрапрывадам.
Ford ужо супрацоўнічае з пастаўшчыкамі тэхналогій электрычнага прываду Magna International і Azure Dynamics, Даследніцкім інстытутам электрычнай магутнасці, звыш тузіна электрычных кампаній, урадамі ЗША, Канады і краін Еўропы, каб прасунуць укараненне электрамабіляў.





