Доку Умараў, правадыр чачэнскіх сепаратыстаў, абвяргае сваю датычнасць да выбухаў у маскоўскім метро. І вешае адказнасць на расійскія спецслужбы. Чаканы абмен ярлыкамі.

Жахліва тое, што многія ў Расіі цалкам сур’ёзна ўспрымаюць версіі пра датычнасць уладаў, спецслужбаў да цынічнага, зверскага злачынства. Гэта сімптом, што маральны аўтарытэт кіроўнай вярхоўкі там — ніжэйшы за плінтус.

Даць рады каўказскім праблемам Масква не ў стане. Так што

тэракты будуць традыцыйна ўжо скарыстаны найперш дзеля згортвання рэшткаў дэмакратыі, дадушвання ліберальнай крамолы.

У 2004 годзе пасля Беслана паводле дзіўнай логікі скасавалі выбары губернатараў і сталі фармаваць Думу цалкам па адфільтраваных партыйных спісах — зрабілі парламент яшчэ болей марыянеткавым. Зараз сенатары загаманілі пра вяртанне смяротнага пакарання для тэрарыстаў. Варта чакаць серыі навацый рэпрэсіўнага кшталту.

Акрамя таго,

вярхі — гэта класіка жанру — скарыстоўваюць выбухі, увогуле любыя «падкопы ворагаў» дзеля ўздыму патрыятызму, згуртавання электарату. Нярэдка ворагаў спачатку ствараюць ці дэманізуюць.

Пуцін, некалі набраўшы рэйтынг заклікам мачыць тэрарыстаў у сарціры, зараз у той самай стылістыцы загадаў дастаць іх са дна каналізацыі. Але наўрад ці грозная каналізацыйная рыторыка спрацуе цяпер, як тады. За дзесяць гатоў пуцінскай эры Каўказ так і не ўтаймаваны. Як кажуць расійцы — «кишка тонка».

План «Кадыраў» не спрацаваў. Крэмль атрымаў зусім не тое, на што разлічваў. А зараз паспрабуй загані джына ў пляшку! Яшчэ болей, тэрарызм распаўзаецца па ўсім Паўночным Каўказе, запускае шчупальцы ў метраполію.

Беларусам застаецца дзякаваць богу, што праект «саюзнага будаўніцтва» праваліўся. Але

вялікая хворая дзяржава з імперскімі замашкамі не хоча адпускаць Беларусь. Адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны, КСАР, Мытны звяз — прыдумляецца ўсё новая і новая халера, каб прывязаць, пасадзіць на ланцуг.

Ахвяры выбухаў ні ў чым не вінаватыя. Увогуле расійскі народ заслугоўвае спачування: у казачна багатай краіне маса насельніцтва жыве ў ганебных умовах, на тле якіх Беларусь сапраўды можа здацца раем.

Але разам з тым трэба сказаць горкую рэч: у плане гістарычным Расія мусіць сплочваць страшны падатак на імперскую спадчыну. Гэтай выплаце не бачна канца-краю. І становішча тым болей трагічнае, што вялікадзяржаўныя рэфлексы не зжытыя, а ўлада — прагнілая, дарэшты карумпаваная, звыклая толькі «мачыць».

Між тым мускулы ўжо не тыя, адрузлі. Савецкі тэхналагічны падмурак усходняй суседкі развальваецца, а мадэрнізацыя сыравіннай эканомікі застаецца толькі летуценнем Мядзведзева. Расіі пагражае далейшае распаўзанне па швах ва ўсіх сэнсах. Воляй лёсу беларусы мусяць жыць побач з краінай перманентных катастроф.

На Месяц не пераселішся. Ды і абсекчы эканамічныя сувязі нерэальна. Але

гульні ў розныя праекты «постсавецкай інтэграцыі» пад патранажам Крамля беларускай уладзе варта акуратна, аднак паслядоўна згортваць.

Пабачым, ці ёсць апошнія выступы тутэйшага начальства сведчаннем нейкай ментальнай эвалюцыі ў гэтым кірунку, або гэта зноў толькі кіданне пантоў. Пакуль што бікфордаў шнур «братняй інтэграцыі» не затушаны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру