Лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца за 2009 год Валер Булгакаў адказвае на пытанні «НН».

«Наша Ніва»: Сп. Валер, Вы атрымалі прэмію за навуковую, публіцыстычную і выдавецкую дзейнасць. Што за беларуска-польскія выдавецкія праекты рэалізавалі?

Валер Булгакаў: Гэта вельмі ўмоўна, што мы займаемся беларуска-польскімі праектамі. Перш за ўсё гэта беларускія праекты, але часамі яны напісаны на польскай мове. Летась мы выдалі чатыры кніжкі беларускага гісторыка Алега Латышонка, які жыве ў Польшчы. Фармальна яны маюць значэнне для Польшчы, але гэта ўсё-такі таксама і творы беларускай культуры.

«НН»: Што сёлета выдаеце?

ВБ: У найбліжэйшы месяц, спадзяюся, нам удасца выдаць некалькі досыць сур’ёзных акадэмічных тамоў. «Хронікі і летапісы Беларусі. Сярэднявечны і ранні мадэрны час» — гэта том большы за 900 старонак. Ён зроблены ў кааперацыі з гісторыкам Васілём Вароніным. Прэзентуе на Беларусі малавядомы ці малараскручаны даробак беларускага гістарычнага пісьменства — летапісы і хронікі, створаныя на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага перш за ўсё на старабеларускай мове ў прамежку між ХІІІ і ХІХ стагоддзямі.

На наступным тыдні пойдзе ў друкарню кніжка важная для тых, каму неабыякавы лёс беларускай мовы. Гэта найпаўнейшы слоўнік, створаны на хвалях беларусізацыі ў БССР у 1920-х гадах, — «Расейска-беларускі слоўнік» Сцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова, які выйшаў у Мінску ў 1928 годзе. Ён змяшчае больш за 60 тысяч расійскіх слоў. Пасля выдання ён быў выведзены з актыўнага ўжытку па той трагічнай прычыне, што Некрашэвіча арыштавалі і знішчылі па справе Саюза вызвалення Беларусі. Гэта выданне мае больш за 700 старонак.

Да пачатку мая спадзяёмся зрабіць факсімільнае перавыданне яшчэ аднаго забытага пласта беларускай культуры — акадэмічных тэрміналагічных слоўнікаў 1920-х гадоў. Шмат людзей пра іх чулі, але толькі выбраныя маюць да іх доступ. Бо ў Беларусі яны фактычна захоўваюцца ў поўным складзе толькі ў дзвюх бібліятэках — Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Я нагадаю, што падчас беларусізацыі і пасля яе згортвання былі выдадзены 23 акадэмічныя слоўнікі. Некаторыя з іх выйшлі пад рэдакцыяй класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Калі разам скласці гэтыя выданні, яны займаюць каля 2,5 тысяч старонак. Я думаю, што гэта будзе вялікі падарунак усім неабыякавым да беларускага слова.

Рыхтуецца яшчэ адна кніжка прафесара Беластоцкага універсітэта Яўгена Мірановіча. Яна выйдзе пад назвай «Беларусы ў Польшчы: 1921-1944».

«НН»: Часопіс «АРХЭ» і надалей захавае фармат тэматычных нумароў?

ВБ: Толькі так. Бо тэматычны «АРХЭ» валодае большай прыцягальнасцю, чым складзены з тэкстаў, напісаных на «злобу дня». На жаль, мы не можам распаўсюдзіць наклад часопіса на працягу аднаго-двух месяцаў. І мы робім стаўку на тыя публікацыі, якія захоўваюць сваю камерцыйную прывабнасць і праз восем-дванаццаць месяцаў пасля выдання. Зараз выходзіць вялікі нумар прысвечаны Гародні, які ўклаў прафесар Ягелонскага універсітэта ў Кракаве Юрый Гардзееў. За ім рыхтуецца нумар, які прысвячаецца ўрбаністычным ландшафтам. Гэта досыць цікавая, але маладаследаваная тэма, асабліва беларускамоўнымі сацыёлагамі і гісторыкамі. Пасля з’явіцца нумар, укладзены прафесарам Варшаўскага універсітэта Міколам Хаўстовічам. Ён будзе прысвечаны Варшаве. І будзе прэзентаваць невядомыя ў Беларусі аспекты як прысутнасці беларусаў у Варшаве, так і ўвогуле спробаў русіфікацыі і асіміляцыі гэтага горада расійскімі імперскімі ўладамі.

***

Валер Булгакаў — рэдактар часопіса «АРХЭ». Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (аддзяленне беларускай філалогіі), аспірантуру пры БДУ і аспірантуру Інстутута фісасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Спецыялізуецца ў галіне даследаванняў еўрапейскіх нацыяналізмаў, у тым ліку беларускага. Аўтар кнігі «Гісторыя беларускага нацыяналізму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?