Палата прадстаўнікоў на першым пленарным пасяджэнні плануе зацвердзіць парадак дня сесіі. У папярэдні парадак уключаны 33 пытанні: сем — законапраекты ў першым чытанні, дзевяць — у другім, 12 — ратыфікацыі міжнародных дагавораў.

Дэпутаты, у прыватнасці, разгледзяць дагавор з Украінай аб дзяржмяжы, пагадненне аб супрацоўніцтве краін СНД у барацьбе з крадзяжамі аўтатранспартных сродкаў, законапраект аб донарстве крыві.

Акрамя гэтага, у парадак дня могуць па меры гатоўнасці ўключацца пытанні, якія цяпер знаходзяцца на разглядзе ў парламенцкіх камісіях.

Верхняя палата парламента на сённяшнім пасяджэнні адразу пасля ўтварэння сакратарыята і падліковай камісіі разгледзіць пытанне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў члена савета рэспублікі Уладзіміра Саўчанкі, былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама. У склад верхняй палаты 4‑га склікання Саўчанка абіраўся ад Гродзенскай вобласці. У студзені гэтага года ён падаў у адстаўку з губернатарскай пасады па стане здароўя.

Сёння ж савет рэспублікі правядзе семінар «Стан і перспектывы развіцця навукі. Сувязь акадэмічнай навукі з вытворчасцю». Ён пройдзе на базе Нацыянальнай акадэміі навук.

Ці будзе парламент на цяперашняй сесіі разглядаць пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, невядома.

19 лютага на прэс‑канферэнцыі член пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД палаты прадстаўнікоў Віталь Бусько заявіў, што рашэнне па прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі «будзе прынята, калі ўсе да яго будуць гатовы». Пакуль гэтае «няпростае пытанне знаходзіцца ў стадыі вывучэння», сказаў дэпутат.

Просьба Абхазіі і Паўднёвай Асеціі аб прызнанні іх незалежнасці вывучаецца ў палаце прадстаўнікоў з канца 2008 года.

У канцы 2009 года група беларускіх парламентарыяў наведала Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асецію, а таксама правяла шэраг сустрэч з Дзярждуме Расіі. Па выніках візіту была падрыхтавана справаздача, якую так і не абнародавалі.

16 сакавіка гэтага года пасля пасяджэння Савета міністраў саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў Брэсце расійскі прэм’ер Уладзімір Пуцін заявіў: Расія чакала, што Беларусь хутка прыме рашэнне па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Пуцін дадаў, што Расія «заўсёды падтрымлівала Беларусь на знешнім узроўні», нават пры ўзнікненні спрэчак у гаспадарчай сферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?