Палата прадстаўнікоў на пасяджэнні 2 красавіка ратыфікавала дагавор аб дзяржаўнай мяжы з Украінай.

Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі паведаміў, што дакумент вызначае паняцце дзяржаўнай мяжы на сушы, водах, нетрах і паветранай прасторы. Дэмаркацыя дзяржмяжы будзе ажыццяўляцца спецыяльнай сумеснай камісіяй.

Рачкоўскі зазначыў, што працэс дэмаркацыі зойме каля дзесяці гадоў. Паводле яго слоў, праблем па вызначэнні мяжы шмат, але ўсе яны вырашальныя. У працэсе дэмаркацыі магчымы абмен тэрыторыямі паміж краінамі. Рачкоўскі падкрэсліў, што дагавор не ўтрымлівае эканамічных, палітычных і іншых негатыўных наступстваў для Беларусі.

Дагавор быў падпісаны беларускім і ўкраінскім бакамі яшчэ ў 1997 годзе.

Вярхоўная рада Украіны ратыфікавала гэты дакумент у 1999 годзе. Беларусь пагаджалася ратыфікаваць дагавор толькі ў выпадку прызнання Украінай дзяржаўным доўгу ўкраінскіх суб’ектаў гаспадарчай дзейнасці, які, на думку Мінска, узнік у пачатку 1990‑х гадоў.

5 лістапада 2009 года падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў прэзідэнты дзвюх краін заявілі, што маюць намер як мага хутчэй завяршыць працэс дагаворна‑прававога афармлення дзяржаўнай мяжы. «Я хачу інфармаваць украінскае і беларускае грамадства, што ў сумесным камюніке мы дамовіліся аб рашэнні ўнясення на ратыфікацыю Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дагавора паміж нашымі краінамі аб дзяржаўнай мяжы, — заявіў па выніках візіту Віктар Юшчанка, які займаў на той час пасаду прэзідэнта Украіны. — Гэта пытанне, якое мы гадамі не маглі зрушыць з месца. Сёння гэта стала прадметам нашай агульнай дамоўленасці. Я хацеў бы выказаць удзячнасць за тое, што беларускі бок пагадзіўся на такі прынцып рашэння і ўнёс у нацыянальны парламент пагадненне аб дзяржаўнай мяжы з Украінай на ратыфікацыю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?