Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Большасць прагаласавала за адмену «сухога закону», але вёска па‑ранейшаму засталася ў «зоне цвярозасці»

Вёску Мосар вырашылі яшчэ на год пакінуць у «зоне цвярозасці» — да студзеня 2011 года у вясковай краме па‑ранейшаму немагчыма будзе набыць не тое што гарэлкі, але нават і піва. У зоне цвярозасці вёска Мосар апынулася ў жніўні 2009 года. Менавіта тады, з ініцыятывы мясцовага ксяндза Юзаса Булькі, сельвыканкам прыняў рашэнне ў якасці эксперыменту забараніць на паўгода прадаваць у вясковай краме алкаголь. 9 студзеня мінулага года святар пайшоў з жыцця, а сельвыканкам вырашыў працягнуць дзейнасць рашэння наконт «зоны цвярозасці». Праўда, не ўсе вяскоўцы былі згодныя з такім рашэннем. Пра гэта расказала доктар мясцовага фельчарска‑акушэрскага пункта Святлана.

Фельчар Святлана: «Хтосьці хацеў, каб ізноў вярнулася ўсё да таго, як было раней, хтосьці — каб заставалася так, як ёсць. Збіралі подпісы — і

100 з нечым подпісаў за тое, каб вярнуць алкагольныя напоі ў краму. І толькі 20 подпісаў за тое, каб пакінуць так, як ёсць цяпер.

Рознагалоссі былі, але прыйшлі да аднаго меркавання».

Іншая справа, ці змянілася нешта за час дзеяння «сухога закона» ў асобна ўзятай вёсцы. Паводле словаў доктаркі, пэўныя поспехі ёсць: нехта кінуў піць увогуле, нехта стаў менш ужываць алкаголю. Але ёсць і такія, якія як пілі, так і п’юць па‑ранейшаму.

Сама Святлана прыехала ў Мосар па размеркаванні некалькі гадоў таму. Кажа, мясціны вельмі прыгожыя, людзі прыемныя, але наладзіць асабістае жыццё з кімсьці з мясцовых хлопцаў не выпадае.

Фельчар Святлана: «Калі тут застацца і выбраць сабе мужа, то не выбярэш.

Вы пажывіце тут з тыдзень — пабачыце, якая тут «зона цвярозасці»! Вельмі цікава часам бывае паглядзець, калі людзі на роварах, на конях, хто на чым заўгодна, затарваюцца па дзве скрыні віна адразу і — наперад! Такое паломніцтва ў краму».

Размова ідзе пра суседнюю вёску — Луцк‑Масарскі, у трох кіламетрах ад «цвярозага» Мосара. Там па‑ранейшаму ў краме прадаюць усё што душы заўгодна. Вось толькі ад такога «паломніцтва», кажа Святлана, недалёка да бяды.

Фельчар Святлана: «Я ж ведаю, як яны п’юць: набылі ў краме, выпілі паўбутэлькі і наперад. Гэта ў іх як запраўка. Ён узяў бутэльку віна, выпіў па дарозе і зваліўся. А ці мала нейкі ліхач? Калі ласка — аварыя. Альбо п’яны на ровары. Так што гэта пакуль ціха і без аварый».

І паскардзілася, што вельмі часта даводзіцца «лекаваць» тых, хто не разлічыў сілы падчас паходу ў суседнюю вёску.

Фельчар Святлана: «Звяртаюцца потым, калі цяжка «адысці», дрэнна. У некага ціск, калі больш сталы чалавек. Альбо траўмы»

Як доктар Святлана за тое, каб людзі не злоўжывалі алкаголем. Але ж, кажа, бываюць сітуацыі,

калі трэба сустрэць гасцей бутэлькай добрага віна, а набыць яго няма дзе. Дый хоць і выпіць бутэльку піва пасля працы!

Фельчар Святлана: «Я маладая, і можа я хачу пасля працы піва выпіць?! Я думаю, што гэта цалкам нармальна. І трэба некага прасіць, каб прывезлі. А гэта лішнія выдаткі хаця б на тое, каб пазваніць. А то можа і за дарогу заплаціць.

Увогуле, гэта парушэнне правоў чалавека».

Згодны з тым, што сітуацыя гэтая не зусім нармальная, і старшыня Ўдзелаўскага сельвыканкама Віктар Карман, пад юрысдыкцыю якога трапляе вёска Мосар.

Віктар Карман: «Мы жывыя людзі — мала нейкія госці прыязджалі, яшчэ нехта. Без гэтага не абыходзіцца: калі бутэльку добрага віна купіць, пачаставаць каго. А так — прыязджаюць госці і кажаш: «Едзь са сваім» — «А ў вас што там?» — «А ў нас зона цвярозасці» — «Ну, дык у вас там зусім!»

Але не толькі адсутнасцю алкаголю ў крамах адрозніваецца Мосар ад суседніх вёсак. Некалькі гадоў таму тут закрылі клуб. І моладзі даводзіцца на танцы ездзіць за 8 кіламетраў. Зараз, кажа старшыня сельвыканкама Віктар Карман, клуб збіраюцца закрываць нанава.

Віктар Карман: «Што тычыцца гэтай зоны: стварыць толькі дзеля таго, каб стварыць? І ўсё? Трэба, каб праца пад гэта была адпаведная. Трэба, каб нейкія мерапрыемствы пад гэта былі, альбо праграма спецыяльная аддзелам ідэалагічнай працы павінна быць падрыхтаваная, менавіта па гэтай зоне цвярозасці. Нейкія сустрэчы з цікавымі людзьмі. Па культуры нейкія пытанні каб працавалі — у нас жа клуб закрыты. Будзем ісці насустрач людзям і адкрываць клуб. Каб моладзь магла адпачываць і мы нейкія мерапрыемствы правесці».

Згодна са словамі старшыні сельвыканкама, у раённага кіраўніцтва была ідэя распаўсюдзіць «вопыт» Мосара не толькі на суседнія вёскі, але і суседнія сельсаветы. Але, кажа, пакуль ад гэтай ідэі адмовіліся. Больш за тое, глядзіш, і з масарскіх крам здымуць эмбарга на пастаўкі алкаголю.

Віктар Карман: «Будзем глядзець па абстаноўцы: калі сапраўды там нармальнае будзе становішча з п’янкамі, з парушэннямі адміністратыўнымі грамадскага парадку, будзем здымаць. У сувязі з тым, што абстаноўка палепшылася».

А напрыканцы размовы і доктарка, і старшыня сельвыканкама пагадзіліся з тым, што забаронай нічога не даб’ешся.

Гэта зараз жадаючыя выпіць могуць з’ездзіць за пляшкай у суседнюю вёску. Калі ж забароняць гандляваць алкаголем і там, то пачнуць гнаць самагон. І ўчастковы не дапаможа — які пакуль з падпольным гандлем спраўляецца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?