Сёньня, у першы рабочы дзень пасьля доўгіх вялікодных выходных, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі атрымаў санкцыю каралевы на роспуск парлямэнта і абвесьціў пра прызначэньне чарговых выбараў на 6 траўня.

Парлямэнцкія выбары — ключавыя для краіны, бо новы парлямэнт будзе фармаваць і новы ўрад.

Асноўная канкурэнцыя адбываецца паміж левацэнтрысцкай Партыяй працы (лейбарыстамі), правацэнтрысцкай Кансэрватыўнай партыяй і левацэнтрысцкай Лібэральна-дэмакратычнай партыяй.

Лейбарысты кіруюць краінаю на працягу ўжо 13 гадоў і патрэба іхнае замены ўжо назрэла. Фаварытамі на сёлетніх выбарах выглядаюць кансэрватары, іхная перадвыбарчая агітацыя трохі нагадвае абамаўскую рыторыку пра «перамены», а ліб-дэмы ў значнай частцы яднаюць левых выбарцаў, што расчараваліся ў лейбарыстах.

Аднак ня ўсё так проста — яшчэ год таму кансэрватары мелі, паводле апытаньняў, перавагу ў 20 працэнтаў, але з таго часу разрыў скараціўся да 4–10%. Нават іхныя прыхільнікі абураюцца тым, што на фоне эканамічнага крызісу кансэрватары ня здолелі сфармуляваць уцямнай пазыцыі ў супрацьвагу праваліўшайся палітыцы лейбарыстаў. У такіх умовах падвышаецца роля ліб-дэмаў як «трэцяй сілы». У любым выпадку, гэтыя выбары маюць куды большую інтрыгу, чым многія папярэднія.

Галоўнай тэмай перадвыбарчых дыскусій будзе эканоміка і выхад з эканамічнага крызісу, ад якога Вялікая Брытанія пацярпела мацней за многія іншыя краіны Эўрапейскага зьвязу.
Кансэрватары, якія маюць традыцыйна лібэральную эканамічную праграму, акцэнтуюць на неабходнасьці скарачэньня аб’ёму дзяржаўнай запазычанасьці. Іхныя праціўнікі сьцьвярджаюць, што гэта ім не атрымаецца і што скарачэньне дзяржаўных выдаткаў пашкодзіць сацыяльнаму забесьпячэньню, у прыватнасьці, ахове здароўя. Хаця
як жа запусьціць эканоміку без таго, каб скараціць для гэтай самай эканомікі падаткі?

Нас чакаюць чатыры тыдня напружаных дэбатаў, хаця агітацыя там-сям пачала зьяўляцца ў Лёндане ўжо зь месяц таму. Вынік выбараў не перадвызначаны, таму барацьба будзе вельмі інтэнсіўнаю.

Сёньня раніцай BBC прысьвяціла чатыры гадзіны свайго этэру выключна выбарам: ішлі ўключэньні то з Букінгэмскага палацу, то з рэзыдэнцыі прам’ер-міністра на Downing Street, то з парлямэнта ў Вэстмінстэры. Нам паказалі выступы лідараў асноўных партый, інтэрвію з палітолягамі і прадстаўнікамі партый. Былі ўключэньні і з Шатляндыі і Ўэльса, дзе на посьпех разьлічваюць партыі мясцовых сэпаратыстаў — Шатляндзкай нацыянальнай партыі і Plaid Cymru.

Брытанскія выбары будуць цікавымі, яскравымі, вострымі і, галоўнае, максымальна празрыстымі і сумленнымі — амаль такімі, якімі яны і павінны быць.
Вынік выбараў дагэтуль непрадказальны і зь вялікай доляй верагоднасьці пераможцамі выйдзе апазыцыя — як яно раней ці пазьней, але немінуюча адбываецца ў дэмакратычных краінах.

Як жа нам у Беларусі далёка да ўсяго гэтага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?